Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/180

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

масавая эміграцыя ў Амэрыку. Раней рушыў туды больш рухавы, больш абяздолены яўрэйскі безработны пролетары, за ім пасунуўся беларускі селянін, каторага гнала з дробнай гаспадаркі малазямельле.

У 1891 годзе вылаецца яшчэ загад, каторы мацней сьціскае яўрэйскую беднату. Загад забараняе жыць у Маскве яўрэям-рамесьнікам, на што яны мелі права з 1865 году разам з тымі яўрэямі што даставалі вышэйшую асьвету. На аснове гэтага загаду, з Масквы выкідаецца каля 17.000 рамесьніцкай яўрэйскай беднаты. Маленькая гаспадарка іх і без таго слабы дабрабыт зусім руйнуюцца. Загнанымі, бяспраўнымі жабракамі зьяўляюцца яны ў сваё «гетто», у межы аселасьці. Яшчэ больш згушчаюцца фарбы жыцьця яўрэйскай беднаты на Беларусі. Што датычыць да багатай яўрэйскай буржуазіі, то яе палажэьне, зразумела, лепшае. Грошы даюць ёй амаль што поўную магчымасьць абыйсьці ўсялякія законы і распараджэньні. Тым больш, што і абмежаваньняў на яе кладзецца менш, чым на беднату. Прыклад перад намі: у той час, як яўрэй-фабрыкант і гандляр, атрымаўшы вышэйшую асьвету, мае права жыць у Маскве і пасьля загаду 1891 г., яўрэй-рабочы і рамесьнік, катораму ў масе вышэйшая асьвета не даступна, павінен быў пакінуць месца працы і зрабіцца безработным у сваіх «межах аселасьці».

У 1886 годзе сам Аляксандар IIІ загадаў міністру народнай асьветы вядомаму обскуранту Дзялянаву прыняць меры для абмежаваньня прыёму яўрэяў у школы як сярэднія, так і вышэйшыя. Больш як паўгода бюрократы думалі над гэтымі мерамі. Урэшце ў ліпені 1887 году міністар выдаў два цыркуляры на гэтую тэму. Была ўстаноўлена такая процантная норма для вучняў-яўрэяў: у межах аселасьці яўрэі прымаюцца ў школу ў разьмеры 10% хрысьціян, за межамі аселасьці— 5%, а ў сталіцах—3%. Потым ідуць абмежаваньні для яўрэяў, што дасталі асьвету. Яўрэй ня можа займаць урадавую службу, ня мае права быць «вышэйшым чынам» (афіцэрам) у арміі, ня мае права быць профэсарэм, прысяжным павераным і г. д. Усё гэта ў буржуазных яўрэйскіх колах утварае так званы сіонісцкі рух і цяжкі настрой у масах. Яўрэйскі пясьняр Я. Фруг так апісвае сучасны яму настрой:

Все поникло кругом, помертвело,
Как средь диких пустынных равнин.
Зарыдал-бы хоть кто-нибудь сьмело,
Застонал-бы хоть громко один!
Эти ночи без звезд и без бури,
Эти дни без теней и лазури,—
Мой народ, как похожи они
На печальные годы твои!