Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/179

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

вясковых куткох Беларусі, куды не магло заглянуць нядрэмнае вока поліцыі, каторая была сацыяльным абаронцам казённага праваслаўя. Бядняк-селянін, атручаны яшчэ раней рэлігійнаю атрутаю, цёмны й забіты векавым прыгнечаньнем, плаціў з сваіх жабрацкіх сродкаў на два фронты—і папу і ксяндзу, а часам і на трэці фронт—поліцэйскаму вурадніку, адрываючы астатнія грошы ад сваёй зьбяднелай гаспадаркі і галоднай сям’і.

Цэлы рад абмежаваньняў у правох упаў на яўрэйства, большасьць каторага жыла на Беларусі і Літве. Урад прагнецца зрабіць яўрэя як-бы «казлом адпушчэньня» за ўсе свае праступствы. Пры дапамозе скарбовых грошай організуюцца пагромы, аб яўрэях распускаюцца ўсялякія провокацыйныя чуткі, утвараюцца судовыя працэсы па абвінавачваньню яўрэяў у рытуальных забойствах. Ідуць у гарадох паджогі яўрэйскіх кварталаў і г. д. Руская буржуазія ўжо стала на ногі, абзавялася ўласнымі капіталамі, ёй ужо былі непатрэбны яўрэйскія капіталістыя і іх капіталы, бо яны конкуравалі з ёю. Трэба было зьнішчыць канкурэнта, абапёршыся для гэтага на яго яўрэйскае пахаджэньне. Урад пашоў насустрач такім пажаданьням рускай буржуазіі. Пачалі сачыць за тым, каб яўрэйства якімі-небудзь сродкамі не перашло за «черту оседлости», што даволі часта бывала ў ранейшыя часы і на што ранейшы урад глядзеў скрозь пальцы, бо меў патрэбу ў лоўкіх гандлярох і кваліфікаваных рамесьніках. У 1882 годзе былі выданы так званыя «часовыя правілы» для яўрэйства. На аснове гэтых правіл для яўрэяў у «черте оседлости» была праведзена яшчэ новая «черта». Тэкст правіл такі: 1) забараніць яўрэям сяліцца за межамі гарадоў і мястэчак, 2) прыпыніць утварэньне на ймя яўрэяў купчых актаў і арэндных дагавораў на нярухомую маёмасьць за межамі гарадоў і мястэчак, 3) забараніць яўрэям таргаваць у дні нядзелі і ў двунадзесятыя хрысьціянскія сьвяты. Яўрэйскае жыхарства, такім спосабам, штучна адрывалася ад вясковай гаспадаркі. Яно запіралася ў горад і мястэчка і прымацоўвалася да іх прамысловасьці і найчасьцей гандлю.

Межы яўрэйскай аселасьці звужваюцца. У 1887 годзе Растоў на Доне і Таганрог з паветам, каторыя раней уваходзілі ў «черту оседлости», былі выключаны з яе. Яўрэі, каторыя там жылі, былі выселены. Такія мерапрыемствы ураду зьбівалі яўрэйскую масу ў адзін цесны куток і згушчалі ў ім экономічную барацьбу за існаваньне. Яўрэйская дробная буржуазія не магла вытрымаць абвостранае конкурэнцыі ды пачынае паступова пролетарызавацца. Слаба разьвітая прамысловасьць у краі ня можа даць работы як яўрэйскай беднаце, так і беларускай вёсцы. Экономічнае палажэньне беднаты ў краі робіцца нявыносным. А голад прымушае шукаць выхаду. Узмацняецца