Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/178

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

сандрам ІІІ у канцы красавіка 1881 г. Там мы чытаем такое тыповае месца: «Пасярод вялікага нашага жалю голас божы загадуе нам бадзёра стаць на справу кіраваньня з надзеяю на боскі промысел, з вераю ў моц і справядлівасьць самаўладнай улады, каторую бог заклікаў нас зацьвярджаць і вартаваць для народнага дабра ад усялякіх нядобрых замераў».

Такім спосабам, лібэралам было дадзена знаць, што пачынаецца пара абароны самаўладзтва, што скончыліся ружовыя мары добрадушнай «дыктатуры сэрца» Лорыс-Мэлікава. Над імпэрыяй працягнуўся пабеданосцаўскі кулак, абараняючы старое самаўладзтва. У жніўні 1881 году абвешчана была пабаданосцаўская «канстытуцыя»—вядомае «Положение об усиленной охране», каторым карысталася рэакцыя аж да рэволюцыі 1917 году. На аснове яго губэрнатары і гэнэрал-губарнатары мелі амаль што неабмяжованую ўладу над жыхарствам: яны маглі часова выкасоўваць існуючыя законы, выдаваць новыя, бяз суду арыштаваць, высылаць у выгнаньне на аснове толькі памысьленьня на каго і г. д. У далейшыя часы Беларусь вельмі часта на сваім карку перажывала ўсе жахі, зьвязаныя з «Палажэньнем».

Найраней ад усіх сталі адчуваць моц пабеданосцаўскага кулака акраіны імпэрыі, у тым ліку і Беларусь. І тут, у імя прынцыпаў праваслаўя, самаўладзтва і рускай народнасьці, пачалася бязупынная неміласэрная барацьба з «інародцамі» і «інаверцамі». На Беларусі ўваскросьлі часы вешальніка -Мураўёва. Накінуліся на каталікоў-беларусаў, прымаючы іх за палякоў. Усюды шукалі «польскую інтрыгу і польскі сэпаратызм». Да польскага сэпаратызму далучаўся і беларускі рух. Успомнілі і аб вуніі. Знайшлі, што ў некаторых мясцовасьцях вуніяты неяк яшчэ не прылучыліся да праваслаўнай царквы і спаўняюць каталіцкія абрады, лічачы сябе каталікамі, а не вуніятамі. Так было, напрыклад, у некаторых валасьцёх заходняй часткі Гарадзенскага павету. Быў выдадзен спэцыяльны загад, каб перапісаць такіх вуніятаў з каталікоў у праваслаўныя. Касьцёлы ў такіх парафіях перарабляліся на цэрквы, ксяндзы выганяліся і на іх месца прысылаліся праваслаўныя сьвяшчэньнікі. На такія мерапрыемствы ураду парафіяне вельмі часта адказвалі адкрытым непаслушэнствам, а яшчэ часьцей бойкотам. Пашлі процэсы і прасьледваньні «упорствующих», як называла непакорных офіцыяльная мова. У некаторых парафіях непакорныя рабілі нягласную ўмову з праваслаўным сьвяшчэньнікам такога сорту: сьвяшчэньнік запісвае ў мэтрычныя кнігі праваслаўнай царквы радзіны, хрэсьбіны, шлюбы, хаўтуры парафіян, за што бярэ з іх плату, не адпраўляючы абрадаў. Абрады адпраўляе патаемна які-небудзь ксёндз, паводле каталіцкага звычаю, вядучы нелегальна запіс гэтым нелегальным каталіком. Найчасьцей такія ўмовы адбываліся ў глухіх