Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/177

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Мікалай ІІ прыняў у спадчыну ад бацькі ня толькі царскі пасад, але і алькагалізм разам з сапсаванай мазговай і нэрвовай сыстэмай. Дэгэнэратызм у яго асобе дашоў да апошняй ступені свайго разьвіцьця. Зусім абмяжованы розумам, ён ня маг бяз цыдулькі, напісанай кім-небудзь з яго прыдворных, сказаць пры народзе некалькі слоў. Гэтая поўная нікчэмнасьць тым ня менш прагнулася бараніць сваё самаўладзтва самымі жорсткімі сродкамі. У 1895 годзе дэпутаты дваран, земстваў і гарадоў зьявіліся ў Зімні палац прывітаць новага імпэратара. На іх прывітаньне цар адказаў так: «У вапошнія часы на некаторых земскіх сабраньнях былі чутны галасы людзей, каторыя захапляліся «бессмысленными мечтаниями» аб удзеле прадстаўнікоў земства ў справах унутранага кіраваньня. Няхай усе ведаюць, што я буду сьцерагчы самаўладзтва таксама цьвёрда й няўхільна, як сьцярог яго мой незабыўны нябожчык-айцец».

Зразумела, што гэтыя два пасьледышы дынастыі не маглі самастойна кіраваць справамі гаспадарства. Яны былі марыянэткамі ў руках дваранска-бюрократычнай камарыльлі, на чале каторай да рэволюцыі 1905 году стаяў добра вядомы рэтроград К. П. Пабеданосцаў. Ён быў выхавацелем і настаўнікам абодвух астатніх Раманавых і, уласна кажучы, быў запраўдным кіраўніком Расійскай імпэрый перад яе канцом. Царызм, пасьля забойства Аляксандра ІІ, згубіў сваю лінію і ня ведаў, што яму рабіць. Аляксандра ІІI спалохала забойства сярод белага дня на людзях, пры моцнай варце, яго бацькі. Адякеандар ІІІ даваў процілежныя даручэньні й загады; то ён падаў духам і як-бы згаджаўся на ўступкі рэволюцыі, то прагнуўся абараняць гнілы распарадак жыцьця. Але адразу на сцэну зьявіўся Пабеданосцаў, каторы ўзяў руль кіраваньня ў свае рукі і стаў на апошнюю абарону старых спрабаваных асноў—фэўдальна-дваранскага самаўладзтва, праваслаўя і рускай народнасьці. Яго падтрымлівалі ўжо вядомыя нам прадстаўнікі тагачаснай казённай публіцыстыкі, на чале каторых стаялі Каткоў і І. Аксакаў, а роўна і рэакцыйныя дваранскія колы. На іх погляд, самаўладзтву нішто не пагражае. Рэволюцыйны рух ёсьць нешта прыпадковае, папаўшае ў Расію з заграніцы. Рускі народ ня можа і ня хоча ісьці за рэволюцыянэрамі, бо ён «не развращен» асьветаю і політычнымі вольнасьцямі. «Праваслаўная Русь» бога баіцца і цара паважае, яна ня любіць і чужаецца «інаверцаў» і «інародцаў». «Расія, толькі для рускіх».

Нерашучасьць ураду пад уплывам такіх абставін пачала зьнікаць. Аляксандар ІІІ зусім аддаўся ў рукі Пабеданосцава. Яму было даручана апрацаваць звычайны пры ўступе на пасад кожнага цара маніфэст, каторы зьяўляецца як-бы програмай новага монарха. Зразумела, што маніфэст быў утворан у адпаведным настроі і быў падпісан Аляк