Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/175

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ёсьць політычнае выяўленьне экономічнага стану царскай Расіі, каторая перажывае глыбокі аграрны крызіс. Вызваленае з прыгону сялянства выбіваецца з сіл, каб пракарміцца з тых дзялянак, якія яно дастала. Яго гняце малазямельле, каторае расьце з кожным годам. Ужо пры самым надзяленьні, па вельмі оптымістычным падліку, 42,6 проц. сялянства атрымалі надзелы, каторыя не маглі іх пракарміць, у некаторых губэрнях гэты сярэдні працэнт значна падымаўся. У Менскай губэрні ён даходзіў да 57,3. Зразумела, што, пры лічэбным росьце сялянства, працэнт гэты з кожным годам узрастаў. Пры ліквідацыі прыгону ў сярэднім на адну душу прыходзіўся надзел у 4,8 дзесяціны; у 1880 годзе гэтая цыфра падае да 3,5 дзесяцін. У 1900 годзе на адну душу ў сярэднім прыходзіцца ўжо толькі 2,6 дзее. надзельнай зямлі. За 40 год цыфра надзелу, як мы бачым, спусьцілася з 4,8 дзес. да 2,6 дзес. Малазямельле ўзрасло, такім спосабам, у два разы. Ужо ў канцы 70-х гадоў урад добра ведаў, што робіцца ў «вызваленай» вёсцы, але, стоячы на грунце абароны дваранска-панскіх інтарэсаў, ён не зварачаў увагі на тое, што ведаў.

Якраз у гэтыя часы на замежным рынку, дзякуючы канкурэнцыі Амэрыкі, нізка палі цэны на рускі хлеб, каторы вывозіўся ў Заходнюю Эўропу. Значна скараціўся прыток з-за граніцы золата, каторым аплачваўся экспартаваны хлеб. Пануючыя групы жыхарства, каторыя вывозілі хлеб, павінны былі так ці іначай папоўніць свае недахваты шляхам павялічэньня эксплёатацый працоўнай масы. Пахінуўшыся ад паніжэньня цэн бюджэт гаспадарства таксама трэба было паставіць на цьвёрдыя ногі. Усё гэта прымушала ўрадавы апарат мацней націскаць налогавы прэс на тыя працоўныя бяспраўныя клясы, каторыя зьяўляюцца вытворцамі матар'яльных каштоўнасьцяў на сялянства і на паступова вырастаючы пролетарыят.

Царскі ўрад паставіў сабе за мэту прыняць усе меры, каб ня пускаць за межы гаспадарства тое золата, каторае йшло на закупку фабрычных прадметаў замежнай прамысловасьці. Для гэтай мэты замежныя тавары, каторыя прывозіліся на рускую граніцу, былі абложаны павышанымі пошлінамі. Паралельна з гэтым урад бярэ пад сваю апеку мясцовую рускую прамысловасьць і прагнецца ўзмацніць яе бяспроцантнымі пазычкамі і субсыдыямі, каторыя выплачвае ў скарб зьбяднелае сялянства. Продукты мясцовай прамысловасьці запаўняюць рынак. Вызваленыя урадам ад канкурэнцыі з заходнімі таварамі, яны маюць магчымасьць значна павышаць сваю рыначную каштоўнасьць. Утварэньне пры падтрыманьні ураду мясцовымі прадпрыемцамі сындыкатаў і трэстаў таксама судзейнічае гэтаму. Купляе выкінутыя на рынак прадукты мясцовай прамысловасьці той самы зьбяднелы, малазямельны ў масе селянін і рабочы. Яны плацяць за патрэбныя ім у іх