Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/170

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

З 60-х год пачаў сваю працу вельмі выдатны зьбірацель народных твораў П. В. Шэйн. Ён працаваў на працягу больш як 30 год і даў шмат этнографічнага матар'ялу для навукі і для будучых працаўнікоў па адраджэньню Беларусі. Родам ён ня быў беларус. У 1865 годзе ён атрымаў месца настаўніка нямецкай мовы ў Віцебскай гімназіі і зацікавіўся Беларусьсю і яе людам. Ён хутка выўчыў беларускую мову, знашоў сабе супрацоўнікаў з мясцовых жыхароў, якіх таксама зацікавіў беларускім этнаграфічным матарялам. Шмат дапамаглі яму старшыя вучні гімназіі, каторыя на вакацыях зьбіралі матар'ялы і аддавалі яму. І сам Шэйн у вольны час езьдзіў па Беларусі; заахвочваў да працы зьбіраньня матар'ялаў вясковых настаўнікаў, каторыя, як пастаянныя жыхары вёскі, заўсёды маглі запісваць народныя творы, звычаі і жыцьцё. Так, працуючы да 1887 году, Шэйн сабраў шмат матар'ялаў, каторыя і пачала друкаваць Расійская Акадэмія Навук. З 1887 да 1902 году вышлі з друку 4 кнігі пад агульнай назваю «Матерьялы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края». Першы том, каторы складаецца з 2 кніжок, зьмяшчае ў сабе абрадавыя і лірычныя песьні; другі том—эпічныя творы: казкі, паданьні, гаворкі, загадкі, загаворы, закляцьці, духоўныя вершы і г. д. Трэці том зьмяшчае ў сабе чыста этнографічныя матар'ялы: тут малюецца хата беларуса, гаспадарка, вопратка, прыкметы і хваробы. Адным словам, Шэйн даў для далейшай працы нявычэрпны матар’ял з розных куткоў Беларусі: Віленшчыны, Віцебшчыны, Горадзеншчыны, Меншчыны, Магілёўшчыны, Смаленшчыны і нават Куршчыны. Шэйн ня толькі запісвае матар'ял, але ён заўсёды вызначае, адкуль гэты матар'ял узяты: называе губэрню, павет і вёску. Маючы на ўвазе, што супрацоўнікі рэдактара мелі розную падгатоўку да працы, часта надта малую, нам лёгка зразумець, якую цяжкую працу павінен быў узяць на сябе Шэйн, каб прыдаць сабраным матар’ялам навуковую аднастайнасьць. Сваю працу ён зрабіў добра, і мы маем у яго зборніках каштоўны уклад у скарбніцу беларускай культуры.

За Шэйнам мы павінны назваць яго выдатнага супрацоўніка Н. Я. Някіфароўскага. Сам Шэйн выдзяляе яго. Апроч супрацоўніцтва з Шэйнам. Нікіфароўскі вядомы нам і сваймі ўласнымі творамі. Найзначнейшыя з іх маюць такія назвы: 1) «Очерк простонародного жытья-бытья в Витебской Белоруссии»; 2) «Простонародные приметы и поверья»; 3) «Простонародные загадки» і г. д. Аўтар найбольш працуе над апісаньнем Віцебшчыны, вясковае жыцьцё каторай ён добра ведае, як вясковы настаўнік. Перад намі ня толькі вучоны, каторы з об'ектыўнай стараннасьцю зьбірае этнографічныя матар’ялы. Яго творы поўны спачуцьця да сялянскай цяжкай долі. Аб чым-бы