Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/163

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

і памёр, маючы 140 год» - невядомага аўтара, «Крыўда і праўда»—беларуская гутарка Ф. Пчыцкага і г. д.

Усе творы белых паўстанцаў прасякнуты польскім патрыотызмам. Беларусі і беларуса, асобных ад Польшчы і паляка, няма і не павінна быць. Беларускі селянін па адозвах павінен злучыцца з польскім паўстанцам, каб прагнаць маскаля, каторы захапіў як Беларускі край, так і Польшчу. З маскалём беларусу прыдзецца «прапасьць навек», «з маскалём добра ня будзе», уся бяда ў маскалі. Калі селяніна хто запытае аб яго пажаданьнях, то ён павінен адказаць, што ён хоча, каб зноў утварылася Польшча. «Так помніце-ж, што сказаці, як у вас будуць пытаці: крыкнем усе ў адно слова—няхай Польшча будзе знова» («Гутарка старога дзеда»).

На кожным кроку ў адозвах мы спатыкаемся з ідэалізацыяй старой Рэчы Паспалітай. Па адозвах выходзіць, што Польшча ўвесь час клапацілася аб тым, каб палепшыць долю беларускага селяніна. Пустэльнік Пятро апавядае кароткую гісторыю Польшчы, дзе ружоваю хварбаю малюе сялянскі дабрабыт. Аб цёмных бакох старога польскага жыцьця (напрыклад, аб прыгоне) не гаворыцца ані слова. Зусім забыты факт сялянскіх паўстаньняў у Польшчы, вядомых у гісторыі пад назваю казацкіх; забыты крывавыя расправы з паўстанцамі- сялянамі і г. д. Цікава, што нават бесьперастанныя войны старой Рэчы Паспалітай з Маскоўскім гаспадарствам і Расійскай імпэрыяй мотывуюцца зусім нечакана для нас тым, што Польшча змагалася з Расіяй за вызваленьне сялян. Польшча хацела даць свабоду сялянам, а маскаль перашкаджаў—вось з-за гэтага і ваявалі. «Эй, скажыце, добры людзі, што ужо на сьвеце будзе? Чы так бог судзіў з намі, прапасьць навек з маскалямі? Ой, не, браткі, ня тужыце, на ту пору ўспамяніце, як прад даўнымі гадамі біўся паляк з маскалямі. За што-ж яны ваявалі? Столькі крыві разьлівалі? Ой, за тое, што народу паляк хацеў даць свабоду» («Гутарка старога дзеда»). Калі беларускі селянін быў пад уладай Польшчы, то, нават, поле яго больш давала, бо «пан бог даваў уроду». Зусім адваротнае зрабілася, калі Беларусь пасьля падзелаў Польшчы папала ў склад тэрыторыі Расіі. На яе абрушыліся тады ўсялякія беды. Цяпер «за праклятым маскалём няма шчасьця ні ў чом» («Крыўда і праўда»).

Зразумела, што такі падход да беларускага селяніна ня мог зрабіць на яго таго ўплыву, які быў патрэбен паўстанцам. Што датычыць да ідэалізацыі старажытнай Рэчы Паспалітай, то яна была сшыта белымі ніткамі. Хоць селянін быў няпісьменны й нявучоны, але ён ад бацькоў свайх добра ведаў, як добра жылося ім у хвалёнай Польшчы. Селяніну была патрэбна ня панская Польшча, і ня царская Расія, з проста зямля і вольнасьць ад пана.