Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/160

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

і ласкавымі дабрадзеямі сваіх сялян. Сяляне за гэта любяць і шануюць такіх паноў, як сваіх родных бацькоў. Усё зло, лічыць аўтар, у падпанках. Яны, карыстаючы з таго, што пана няма ў маёнтку, ці пан занадта даверыўся ім, зьяўляюцца штодзённымі злыднямі для селяніна. Калі-б ня гэтыя злыдні-падпанкі—рандатары, аканомы і г. д.,—каторыя крыўдзяць, зьдзекуюцца і дзяруць з селяніна апошнюю скуру, то на Беларусі быў-бы патрыярхальны рай.

Часам Марцінкевіч асьмельваецца патрабаваць ад паноў, каб яны ня толькі ў імя карысьці сялянства, але й для сваёй карысьці зьвярнулі ўвагу на селяніна, на яго працу і цяжкую долю, бо селянін ёсьць экономічная апора ладу, ён сваёю працаю корміць і пана, і другія станы грамадзянства. А ў адным з вершаў («Вясна, голад, перапала»...) аўтар дашоў нават да такой сьмеласьці, што загаварыў аб волі для прыгнечанага селяніна. У гэтым вершы селянін кажа, што «вось нам вольнасьць дадуць скора, і, як птушкі, будзем жыць». Вольнасьць Марцінкевіч разумее вельмі прымітыўна. Селянін у яго вершы так вызначае вольнасьць: «Будзем роўныя з панамі, самі будзем мы паны— і гарэлку піць збанамі і гуляць так, як яны». Праўда, далей аўтар глыбей падходзіць да справы і кажа: «Перастануць нашым братам (селянінам), як скацінай, таргаваць; напускацца ліхім матам, скуру з ног да карку драць. Хоць халодна, хоць галодна—холад, голад ніпачом! Эх, каб толькі нам свабодна! На свабодзе аджывём». Палажэньне пана пры волі будзе дрэннае, і селянін вуснамі Марцінкевіча так кпіць над панам, згубіўшым дармовую працу свайго былога раба: «Вось паном ня дужа лоўка: самым трэба працаваць! Пабаліць ня раз галоўка, калі прыдзецца араць! Не адзін-то папацеець і заскача драпака—бо сам толькі есьць умеець ды драць скуру з мужыка». Без селяніна і ў далейшыя часы пан не абойдзецца, але ён павінен будзе падходзіць да селяніна не старымі сродкамі—«пугай ды дубінай», а зусім пановаму: «Мужык будзе не скацінай, ня раз скажа пан з паноў: пане Грышка, пане Міна! Як-жа васпан, ці здароў».

Цікава тое, што наагул рахманае і далікатнае народніцтва Дуніна-Марцінкевіча спатыкае опозыцыю ў шляхецкіх колах. Нават такі прогрэсыўны пясьняр, як У. Сыракомля, папаў у лік опозыцыянэраў. Яму, напрыклад, не спадабалася, што адзін з гэрояў Марцінкевіча— Гапон, катораму ўдалося выбіцца з сялян у афіцэры, робіць помсту мучыцелю сялян і свайму ворагу аканому. «Сыракомля заўважыў яму (Марцінкевічу), што ў апавяданьні няма эстэтычнага погляду арысты, ёсьць няхват заслоны, якая прыкрыла-бы надта жорсткую нагату самае праўды. Сыракомля ня мог згадзіцца з тым, што Гапон памшчаецца ворагу-аканому» (М. Гарэцкі. Гісторыя беларускае літаратуры. Вільня, 1920, стар. 81).