Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/158

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

да русіфікатарства і царызму. Прычына гэтага зьяўленьня крыецца ў тым, што яны, як шляхціцы, зьвязаны з польскай шляхтай, каторая ў бягучы момант настроена опозыцыйна ў політычным сэнсе, гатуецца да паўстаньня 1863 году і, як мы ведаем, робіць яго.

Тыповым прадстаўніком беларускага руху гэтых часоў (50-ыя, 60-ыя і 70-ыя годы) зьяўляецца беларускі пісьменьнік Вінцук Дунін- Марцінкевіч (1807—1884). Яго бацька—дробны шляхціц, каторы сваёй зямлі ўжо ня мае, а займаецца арэндаю чужых маёнткаў. Пясьняр радзіўся ў Бабруйшчыне (фальв. Панюшкевічы), вучыўся раней у Бабруйску, потым у Вільні. За вышэйшай навукай Марцінкевіч паехаў у Пецярбург, дзе пачаў вучыць мэдыцыну, але хутка яе кінуў. З 1827 да 1840 году ён жыве бязвыезна ў Менску, служачы то ў духоўнай каталіцкай консысторыі, то ў судовых установах. У 1840 г. яму ўдалося купіць пад Менскам невялікі фольварак Люцынку, дзе ён і пражыў да канца сваіх дзён. Найбольшы лік твораў Марцінкевіча прыпадае на 50-ыя годы, але ён піша і пазьней у 60-ыя і нават у 70-ыя годы. Гэта—пладавіты аўтар, і звычайна лічыцца першым запраўдным беларускім песьняром.

Калі мы ўглядаемся ў творы Марцінкевіча, то адразу бачым, што перад намі—пясьняр-народнік, у тым сэнсе, як вызначана вышэй. Об’ектам яго творчасьці зьяўляецца просты беларускі люд і наагул вёска. Пасвойму ён любіць беларускага селяніна, добра ведае яго побыт, гора і радасьці і шчыра жадае паляпшэньня цяжкай долі яго. Аўтар сам кажа, што лічыць сябе дударом простага народу, што будзе пісаць папросту, пабеларуску, каб беларускі селянін ахватней чытаў і каб ахватней аддаваў сваіх дзетак да асьветы. Пры перакладзе «Пана Тадэуша» Міцкевіча на беларускую мову, Марцінкевіч у прадмове да перакладу гаворыць, што ён як-бы апрануў пана Тадэуша ў мужыцкую сярмягу, каб пусьціць яго ў нізы народныя, каб зрабіць яго больш зразумелым для беларускага селяніна. Там-жа ў прадмове далей ён гаворыць аб сабе, што апошнія мінуты свайго жыцьця ён хоча аддаць на карысьць беларускага простага народу.

Зразумела, што погляды Дуніна-Марцінкевіча на народ «просты», на сялянскае пытаньне—шляхецкія. Як шляхціц, ён ня можа спусьціцца ўва ўсю глыбіню яго. Ён пераконаны, што паміж прыгоньнікам-панам, з аднаго боку, і запрыгоненым бяспраўным селянінам, з другога боку, соцыяльнай прорвы няма. Ёсьць толькі яма, каторую магчыма запоўніць без соцыяльнай ломкі, аднымі моральнымі сродкамі. Трэба толькі, каб пан шанаваў селяніна, добра, палюдзку адносіўся да яго і клапаціўся аб яго дабрабыце. Селянін у вадказ на такія да яго адносіны павінен, на думку Марцінкевіча, «хваліць толькі бога, шчыра працаваці, любіць добрых паноў, маўляў, родных брацьцяў».