Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/151

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

перажыла, дзякуючы ударам русыфікацыі, цяжкі крызіс і вялікі заняпад. Рускі урад мерыўся ўдарыць па кані, а замест таго ўдарыў па аглоблях.

Што гэта так, мы бачым з разгляду пытаньня аб польскім земляўласьніцтве на Беларусі. Мы ведаем, што Мураўёў задаўся мэтаю зьнішчыць польскае земляўласьніцтва на Беларусі й замяніць яго рускім. Больш 1.500 польскіх маёнткаў было сэквэстравана ў казну. У 1864 і 1865 г. г. былі выдадзены законы, на аснове каторых паляком і яўрэям было забаронена купляць зямлю на Беларусі. Маёнткі, каторыя засталіся ў польскіх руках, былі павінны плаціць 10-проц. збор з іх даходу на надзвычайныя расходы па замірэньні краю, апроч таго, асобны збор на ўтрыманьне збройнай вясковай варты. Рускім урадам падтрымлівалася пакупка прыватнымі асобамі, рускімі і немцамі, сэквэстраваных польскіх маёнткаў, для якой мэты з рускага скарбу было адпушчана 5 мільёнаў рублёў. Шмат конфіскованых польскіх маёнткаў было дадзена ў нагароду тым рускім ураднікам і генэралам, каторыя выказалі асобныя заслугі пры ліквідацыі паўстаньня ці пацярпелі ад паўстанцаў. Ня гледзячы на ўсё гэта з польскім земляўласьніцтвам у краі урад так і ня справіўся. Яно засталося пануючым, ня гледзячы на ўсе мерапрыемствы політычнага і экономічнага характару. Шырака разьвінуўся звычай пакупкі маёнткаў на імя падстаўных асоб, так што ў 1885 годзе трэба было выдаваць асобны закон проці яго. Організоўваліся польскія крэдытавыя таварыствы для земляўласьнікаў і г. д. Перад намі скаргі рускіх дасьледчыкаў (П. Жуковіча, А. Ўладзімірава і др.), каторыя сьведчаць а бязьсільлі на Беларусі рускага земляўласьніцтва ў 60-я і 70-я гады. Асабліва плача над гэтым Уладзіміраў. Ён піша: «Рускае культурнае земляўласьніцтва ў краі пацярпела поўнае фіаско. Агромністая большасьць маёнткаў знаходзіцца ў польскіх і яўрэйскіх руках, а ў рускіх толькі нязначная меншасьць і пры гэтым ня з відам прочнай аселасьці і сур’ёзных заняцьцяў вясковаю гаспадаркаю, а з мэтаю спэкуляваньня землямі» (А. П. Владимиров. О русском землевладении в Северо-Западном крае. Москва, 1894, стр. 38). На думку аўтара гэта вельмі смутнае зьяўленьне, бо «Паўночна-Заходні край» (Беларусь) ёсьць адна з найлепшых краін Расійскай дзяржавы. Клімат тут вельмі добры, мяккі і здаровы. Глеба ў многіх мясцох вельмі пладавітая; нават і горшая глеба, дзякуючы вільготнасьці паветра, паўсюды здольна прымаць культуру. Вады многа, рэк, вазёр і лесу многа. На працягу майго жыцьця ў краі, тут ня было ніводнага неўраджаю. Збыт вясковых продуктаў лёгкі—у Пецярбург, Рыгу, Лібаву і ў Прусію. Шляхаў зносін мноства: залезная каляя рэжа край ува ўсе бакі; ёсьць каналы і судаходныя рэкі—Нёман, Дзьвіна, Прыпяць і Дняпро» (Там-жа, гл. стар. 21-22). Калі дадаць сюды шосэйныя шляхі