Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/139

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Тымчасам паўстаньне пачынае зьмяншацца ў сваім размаху. Белы Варшаўскі Комітэт пачынае распускаць свае організацыі і паўстанцкія групы, каторыя расьцярушваюцца, часткаю эмігрыруючы за межы імпэрыі, часткаю пападаючы ў рукі рускага войска. Паўстаньне зьмяншаецца не затым, што рускі урад сваймі татальнымі мікалаеўскімі мерапрыемствамі заспакойвае край, а затым, што сужыцьцё белых і чырвоных паўстанцаў робіцца немагчымым; затым, што белыя дыскрэдытавалі паўстаньне ў працоўных гушчах. Белыя спалохаліся здані чырвонага «якобінскага» паўстаньня і паступова пачалі станавіцца на грунт законнасьці, парадку і абароны «сьвяшчэннай уласнасьці», у чым яны зусім схадзіліся з самаўладным царскім урадам. Скомпромітаваўшы раней сваёй прысутнасьцю ў паўстаньні перад працоўнымі масамі чырвоных паўстанцаў, яны цяпер, адны за другімі, сьпяшаюцца «падаць да ног» рускага царызму. Прычым яны не абмяжоўваюцца тым, што скомпромітаваных імі чырвоных астаўляюць «на произвол судьбы», а прагнуцца хутчэй даносамі прадаць іх у рукі рускага ўраду. Уся дзяржаўная заслуга Мураўёва была ў тым, што ён кулаком падганяў паноў, каторыя ішлі да царызму ў цьвёрдым розуме й памяці; падганяў затым, што яму здавалася, што ідуць яны ня так хутка, як ён хацеў.

Ужо ў канцы ліпеня 1863 году да Мураўёва зьявілася дэлегацыя з 15 асоб ад шляхецтва Віленскай губэрні, на чале з губэрскім маршалкам шляхты Дамэйкам. Дэлегацыя падала яму ліст на імя імпэратара Аляксандра ІІ, у каторым яна з папраўдзе шляхецкай «гжэчнасьцю» каялася ў мінулым і заяўляла аб вернападданьніцкіх пачуцьцях шляхецтва Віленскай губэрні ў адносінах да царскага трону. Пад лістом было 235 подпісаў віднейшых магнатаў і шляхціцаў. За віленскім шляхецтвам пасунулася шляхецтва і другіх губэрань. Ужо ў жніўні зьяўляецца да Мураўёва з вернападданьніцкім лістом дэлегацыя ад Ковенскага земляўллясьніцтва. Пад лістом стаіць 500 шляхецкіх подпісаў. У палавіне верасьня падносіць Мураўёіву ліст горадзенскае шля