Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/138

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

адступна і ўпарта, да поўнага расьсеяньня і зьнішчэньня, каб былі сформаваны асобныя атрады, каторыя заўсёды былі-б у руху» і г. д. Адным словам, павінна ўжывацца звычайная ваенная тактыка ў адносінах да партызанскіх груп. Новага тут нічога няма.

Рускія ваенныя сілы павінны былі карміцца мясцовым жыхарствам. На гэтым грунце вынікала шмат злачынства. Як і заўсёды, ад вайсковых пастояў цярпела сялянства. Паны мелі сродкі, каб адкупіцца, а бедната аддувалася за іх. А што гэта было так, мы бачым з запісак генэрала Мэера, каторы, бачачы злачынства ў гэтым кірунку, прапануе: «Трэба старацца, каб цяжар харчаваньня ня падаў на непавінных і бедных праваслаўных сялян. Нават цяпер войскі разьмешчаны па кватэрах у сялян, для каторых яны не падпора, а цяжар. Уласьнікі-ж маёнткаў, цераз смуты якіх трэба было ўвясьці ў край гэтыя войскі, не далі нават ніводнай афіцэрскай кватэры». («Записки генерал-майора Мейера. Подготовка к польскому мятежу в Минск. губ.», стр. 47). Вельмі часта пастоі назначаліся ў тыя вёскі, праз якія праходзілі паўстанцы, што зусім не залежала ад жыхароў вёскі. Паны біліся, а ў мужыка чуб трашчаў.

Дзеля таго, што ў паўстаньні прымалі ўдзел каталіцкія манастыры, ксяндзы і каталікі-паны, пачалася ўпартая барацьба з каталіцызмам і гвалтоўнае насаджваньне і штучнае падтрыманьне праваслаўя, каторае было сынонімам царскага самаўладзтва і рускай народнасьці. І тут ня было нічога новага. Былі толькі выкарыстаны старыя мікалаеўскія прыёмы і загады. Яшчэ ў 1852 г. Мікалай І, апякуючыся над ажыцьцяўленьнем на Беларусі прынцыпаў «праваслаўе, самаўладзтва і руская народнасьць», даў загад, каб паны пабудавалі для сваіх сялян праваслаўныя цэрквы там, дзе іх ня было, ды адрамантавалі старыя, дзе яны прышлі ў нягоднасьць. Гэты загад у свае часы так і ня вылез з-пад сукна канцэлярскіх сталоў і заставаўся забытым аж да 1863 г. У гэтым годзе Мураўёў выцягнуў з архіву мікалаеўскі загад і пачаў рэалізаваць з уласьцівай яму ўпартасьцю. Палякі-паны, каторых усіх Мураўёў лічыў удзельнікамі паўстаньня і каторыя па сваім вызнаньні ўсе былі каталікамі, павінны былі будаваць новыя і папраўляць старыя цэрквы для сваіх сялян, каторыя ў пераважнай большасьці былі праваслаўнымі. Цікава тое, што да рускіх паноў праваслаўнага вызнаньня гэты загад не адносіўся. Былі выпісаны з Расіі два чыноўныя архітэктары—Рэзанаў і Чагін, каторыя і пачалі праводзіць у жыцьцё Мураўёўскі загад. Зразумела, што гэнэрал-губэрнатар дапамагаў «мастацкай працы» іх, дзе было трэба, рэпрэсіямі. Разам з тым, у дапаўненьне да загаду 1852 г., Мураўёў зачыняе каталіцкія манастыры і касьцёлы і перарабляе іх на праваслаўныя.