Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/136

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ныя прыёмы і спосабы мікалаеўскай эпохі: цяжкую руку і моцны кулак. Да 1835 году Мураўёў рабіў кар'еру на Беларусі, дзеля таго ён і быў прызначан рускім урадам за спасіцеля Беларусі ў момант паўстаньня 1863 году.

У сярэдзіне траўня 1863 году Мураўёў з вялікаю помпаю зьявіўся ў Вільню. Як мы бачылі, паўстаньне ў гэты час ужо пашло на зьмяншэньне, дзякуючы віднаму ўдзелу ў ім белых. Праўда, пасьля правалу белых, чырвоныя прыняліся папраўляць справу, але яны ня мелі ў патрэбным ліку экономічных сродкаў і, што важней, не маглі ўцягнуць у паўстаньне ўсю працоўную масу, адстрашаную ад паўстаньня белымі. Ясна, што цяпер задушыць паўстаньне было лёгка.

Пачалося, як і заўсёды, з звычайнага прыёму Мураўёвым галоўных чыноўнікаў гэнэрал-губарнатарства, шляхецкіх маршалкаў, духавенства, гандляроў, ваенных і інш., каторым новы гэнэрал-губарнатар урачыста абвясьціў свае прыёмы ўлады і заявіў, што ён з праціўнікамі рускага ураду жартаваць ня будзе. Свае словы новы начальнік пастараўся даказаць прыкладамі. Вось перад намі адпаведны вынятак з уласных запісак Мураўёва: «Паўстанцамі былі запоўнены ўсе турмы, але, на жаль, іх судовыя справы ня былі закончаны, нават і не пачаты. А аб тых асобах, над каторымі прыгаворы вайсковых судоў ужо адбыліся, ня было зроблена канчатковых канфірмацый, бо баяліся строгасьцю абураць паўстанцаў. Наадварот, жадаючы паказаць паляком, што урад наш іх не баіцца, я адразу заняўся разглядам прыгавораў аб больш важных праступках, не чакаючы, конфірмаваў іх і даў загад выканаць прыгаворы ў Вільні на гандлёвым пляцы, у поўдзень, з абвесткаю па ўсім горадзе з барабанным боем». (Русская Старина, т. 36, стр. 406). Адразу, каб застрашыць як паўстанцаў, так і мясцовае жыхарства, было шмат паўстанцаў павешана. Найраней з «барабанным боем» павесілі двух паўстанцаў-ксяндзоў, што навяло паніку на каталіцкае духавенства. Потым павесілі некалькіх начальнікаў паўстаньніцкіх атрадаў, а сярод іх ужо памянёнага намі раней ваяводу літоўскага Серакоўскага-Доленгу. Потым пачаліся «урачыстыя» кары сьмерцю рускіх афіцэраў, каторыя прымалі удзел у паўстаньні, звычайных паўстанцаў, тых, хто здаваўся падазроным і г. д. У вынясеньні сьмярот