Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/134

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Гануты і Горкі ў 20 вярстак ад Багушэвічаў. Апроч Сьвентаржэцкага, у паўстаньні прымаюць удзел буйнейшыя земляўласьнікі ваколіцы: браты Лукашэвічы, паны двух маёнткаў—Бродцы і Нягонічы, Есьман— пан маёнтку Кабылякі, Навіцкі—пан маёнтку Востраў, Рагоўскі—пан маёнткаў Асмолаўкі і Гарадзішча, Карказовіч—пан маёнтку Лагі, Ваньковіч—вельмі багаты магнат, каторы мае ў Ігуменшчыне адзін з сваіх маёнткаў, Забашэвічы; Асоўскі— пан маёнтку Рудня, Борсук—пан некалькіх маёнткаў, з каторых у Ігуменшчыне была Альхоўка; Бараноўскі—кіраўнічы вялікага маёнтку графа Патоцкага, Бярэзіны; Акуліч—пан маёнткаў Малая Ганута і інш. Я наўмысьля пералічыў гэтых яснавяльможных удзельнікаў паўстаньня на Беларусі, каб паказаць, з якім пахучым букетам прыходзілася стаяць бок-а-бок паўстанцам-народнікам. Да гэтага панскага букету трэба дадаць яшчэ ксяндзоў прымаёнткавых і парафіяльных касьцёлаў, каторыя імем маткі боскай і анёлаў клікалі сваіх авечак на сьвятую справу адбудаваньня польскай айчыны. У касьцёлах хавалася зброя для паўстанцаў. Асабліва многа зброі ляжала схованай у мураваным касьцёле маёнткаў Багушэвічы, каторы потым быў перароблен Мураўёвым на праваслаўную царкву сьвятога Данілы. Да паноў і ксяндзоў трэба яшчэ дадаць ігуманскага спраўніка, зьбяднелага пана Сушчынскага, і асэсара (станавага прыстава) мястэчка Бярэзіны, таксама зьбяднелага пана Крукоўскага. Гэтыя два рускія ураднікі былі вельмі карысны для паўстанцаў. Яны заўсёды мелі пэўныя весткі аб тым, дзе хаваюцца паўстанцкія групы, і кіравалі рускія войскі, пасланыя для барацьбы з паўстанцамі, зусім ня туды, куды было трэба. Паўстанцкія групы ў Багушэвіцкім раёне былі невялікія, ад некалькіх дзесяткаў да сотні з палавінаю чалавек. Такі невялікі лік груп вельмі кідаецца ў вочы, калі ўзяць пад увагу вялікае багацьце правадыроў паўстаньня ў раёне. Групы амаль што ня мелі сувязі з мясцовым сялянствам; яны складаліся ў сваёй значнай большасьці з элемэнту прышлага і пераяжджалі з месца на месца на панскіх дворных параконных карах.

Зусім зразумела, што сялянства ня лічыла гэтых «дворных» паўстанцаў сваймі абаронцамі. Як толькі сяляне даведваліся, што праз іх вёску будуць ісьці такія паўстанцы, яны ўцякалі ў лясы, каторымі густа была пакрыта ўся Ігуманшчына. Найчасьцей такая самая гісто