Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/129

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Дробна-буржуазная рэволюцыйная інтэлігенцыя займала тут першае месца. На чале чырвоных стаіць адзін з выдатнейшых рэволюцыянэраў таго часу Кастусь Каліноўскі, на асобе каторага нам трэба спыніцца.

Каліноўскі радзіўся ў Горадзеншчыне, у Ваўкавыскім павеце, у 1838 годзе. Бацька яго, дробны зьбяднелы шляхціц, ужо ня мог жыць з зямлі і зарабляў хлеб, як кустар-ткач. Сына ён аддаў у навуку. Кастусь скончыў пяціклясовую прогімназію ў Сьвіслачы і паступіў у Маскоўскі унівэрсытэт. За удзел у студэнцкіх непарадках яго адкуль выключылі і ён, пасьля ўсялякіх труднасьцяй, залічыўся ў Пецярбурскі унівэрсытэт і скончыў яго, як кандыдат права. У унівэрсытэце канец 50-х гадоў Каліноўскі жыве звычайным жыцьцём студэнта-бедняка і зыходзіце з рускімі падпольнымі народніцкімі гурткамі і рэволюцыйнымі польскімі організацыямі. Творы Герцэна і Бакуніна робяць вялікі ўплыў на яго сьветапагляд. У 1860 годзе Каліноўскі ўжо тыповы рэволюцыянэр-народнік таго часу. У 1862 годзе Каліноўскі ўжо на Беларусі. Зразумела, што тут ён адразу знаходзіць сабе месца ў лягеры чырвоных паўстанцаў і робіцца членам літоўскага патаемнага ураду. Усю восень, пад імем Васіля Сьвіткі, апрануўшыся ў сялянскую вопратку, ходзіць ён па вёсках добра знаёмай яму Горадзеншчыны і вядзе прапаганду сярод сялянства. Поліцыя ганялася па яго сьлядох, але злавіць не магла, бо сяляне хавалі яго. Ён быў сярод іх сваім чалавекам, імя яго было акружана ўсялякімі легэндамі. Вандруючы па працоўных беларускіх вёсках, ён пераканаўся, што толькі тады паўстаньне можа мець посьпех, калі селянін пойдзе яго рабіць. А селянін толькі тады пойдзе яго рабіць, калі яно будзе пакірована для здавальненьня яго інтарэсаў, а не інтарэсаў земляўласьнікаў. І трэба якраз так пакіраваць паўстаньне. Ён гаварыў сялянам, што трэба адабраць зямлю ад паноў і аддаць сялянству ўжо цалком без усялякіх «выкупаў». Трэба змагацца з царскім урадам, каторы падтрымлівае паноў і вызваляе не сялян ад паноў, а зямлю ад сялян. Трэба ўтварыць «мужыцкую» Беларусь, незалежную і ад польскага пана, і ад рускага