Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

вельмі пашыранага Майдэборскага права. Цяпер яна самаўрад страціла, бо мяшчане гарадоў імпэрыі Майдэборскім правам не карысталіся.

Сярод мяшчан, як мы ведаем, па гарадох Беларусі з даўных часоў жыло шмат яўрэйства. Яно ў новым гаспадарстве дастала такую «выгаду», як добра вядомая ўсім нам «черта еврейской оседлости». Фэўдальная імпэрыя добра выявіла свае адносіны да яўрэйства вуснамі «просвещенной» Катарыны ІІ, каторая пераказала словы сваёй зусім не «просвещенной» прадмесьніцы Лізаветы Пятроўны: «От врагов Христовых не желаю интересной прибыли». Цікава тое, што «интересная прибыль» усё-ж такі потым з яўрэйства ўрадам выціскалася. Што гэта так, паказвае выдадзены ў 1794 годзе закон, на падставе якога з тых яўрэяў, каторыя залічваліся ў мяшчане ці ў гандляры, бралі ўдвая больш падаткаў, чым належала браць з мяшчан і гандляроў хрысьціянскага вызнаньня. З гэтага закону пачалося добра вядомае нам паступовае абмежаваньне праў яўрэйства ў Рааіі.

Праўда, у 70-ыя годы XVIII сталецьця ў царскім загадзе на імя гэнэрала Крэчэтнікава адносна гарадоў Беларусі, занятых рускімі войскамі, было сказана так: «Гарады заставіць на іх правох і прывілеях на першы выпадак і кожнаму з іх не перашкаджаць прасіць нас (Катарыну ІІ) аб зацьвярджэньні іх (праў і прывілеяў)». Паводле гэтага загаду можна думаць, што гарады з Майдэборскім правам засталіся як «на першы выпадак», так і потым. Але рэч у тым, што «права прасіць» аб зацьвярджэньні прывілеяў засталося толькі правам. На дзеле просьбы не здавольваліся. Гарадзкое жыцьцё на Беларусі замірае. Колькасьць гарадзкога жыхарства вельмі нязначная; яна з нацяжкаю даходзіць да 5-6 процантаў.

Знаходзячыся ў складзе Рэчы Паспалітай, Беларусь выносіла на сваім карку немалыя падаткі. У вапошнія часы існаваньня Польшчы за паўгода яна ўкладала ў польскі скарб 172.835 рублёў. Беларусі ня стала лягчэй і потым. Калі яна ўвашла ў склад Расійскай імпэрыі, то падаткі ў скарб ня толькі ня зьменшыліся, але яшчэ больш узрасьлі. Вядома, што за палавіну 1774 году Беларусь павінна была ўлажыць у імпэрскую казну 587.019 рублёў, што ў той складае больш за міліён рублёў. Такім спосабам, пасьля прылучэньня да Расіі, велічыня падаткаў на Беларусі ўзрасла блізка што ў 6 раз. Калі мы зробім прыпушчэньне, што Беларусь, аслабленая ранейшымі пэртурбацыямі, і ня выканала ўсіх тых падаткаў, якія былі на яе наложаны, то ўсё-ж такі павінны прызнаць, што фінансавая эксплёатацыя, каторай падлегла Беларусь у новым палажэньні, была куды большая, чым у складзе Рэчы Паспалітай. Гэтая эксплёатацыя ўсім сваім цяжарам лягла не на шляхту, а на іншыя групы насяленьня, асабліва на працоўныя нізы.