Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/115

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ліквідаваліся збройнымі сіламі. Шмат дзе на Меншчыне сяляне адмовіліся ад паншчыны і далі організаваны адпор прысланым войскам, каторыя ўрэшце пусьцілі ў ход зброю. Лозы былі вельмі пашыранаю каіраю як у Расіі, так і на Беларусі. «Вызваленыя» сяляне пароліся ўва ўсерасійскім маштабе. Непарадкі былі задушаны, і «вялікая рэформа» стала праводзіцца.

На аснове маніфэсту беларускі селянін вызваляўся з няволі, як асоба, бяз выкупу; затое ён павінен быў выкупіць у пана тыя кавалкі зямлі, каторыя ён ад яго атрымаў. Выкуп за зямлю быў назначан вельмі высокі як па ўсёй імпэрыі, так і па Беларусі. Каб ілюстраваць гэта, прывядзем такія лічбы: калі вылічыць цану зямлі, што дасталася сялянству ў надзел па звычайных сярэдніх тагочаоных цэнах, то за яе трэба было-б заплаціць 648 міліёнаў рублёў, а нам вядома, што ў самай рэчы сяляне павінны былі заплаціць за зямлю 867 міліёнаў рублёў. З гэтых лічбаў відаць, што наагул цана зямлі для сялянства была павышана на 25 проц. Гэтая надбаўка фактычна была нічым іншым, як скрытым выкупам з няволі самой асобы вызваленага селяніна.

Пры вызваленьні селянін атрымлівае зямельны надзел, каторы ён павінен так ці йначай выкупіць. Беларускае панства ўсякімі праўдамі і няпраўдамі хоча зьменшыць сялянскія надзелы, бо для яго зямельны фонд быў вялікай каштоўнасьцю. Гэты факт пачыў адчувацца ўжо даўно. Апошні раз ён выявіўся ў проэкце вызваленьня сялян зусім без зямлі, каторы падалі літоўска-беларускія паны з Назімавым у Петраград. Звычайнае зьяўленьне на Беларусі—гэта малы, куртаты сялянскі надзел, што зрабілася потым асноўнаю крыніцаю далейшага малазямельля і безьзямельля беларускага селяніна. На Беларусі на кожную рэвіскую душу ў сярэднім было дадзена ад чатырох да пяці дзесяцін. Скарбовыя сяляне былі надзелены куды шчадрэй. Іх сярэдні надзел раўняўся пяці з паловай-шасьці з паловай дзесяцінам. Лік прыватнаўласьніцкіх сялян, вызваленых рэформаю на Беларусі, даходзіў да 2 міліёнаў. Што датычыць скарбовых сялян, то іх на Беларусі было ў 4 разы менш, чым прыватнаўласьніцкіх, што складала каля 500 тысяч людзей.

Iдучы на спатканьне паном, каторыя хацелі як мага больш пакінуць сабе зямлі, урад уставіў у палажэньне пункты, каторыя здавальнялі панскія інтарэсы і яшчэ больш павялічвалі сялянскае безьзямельле і малазямельле. Аднымі з такіх пунктаў былі пункты аб так званых дармовых надзелах. На аснове іх, пану давалася права, па згодзе з тым ці іншым селянінам, даваць яму без усялякага выкупу з яго боку надзел, каторы раўняўся ¼—⅓ нормальнага надзелу. Сяляне назвалі такія надзелы жабрацкімі. На Беларусі жабрацкі надзел раўняўся