Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Віленская, Слонімская (Горадзенская) і Ковенская. Да Расіі па трэцім падзеле адышло насяленьня бяз шляхты 796.333 мужчыны і 771.560 жанч.

Такім чынам, у канцы XVIII сталецьця ўся Беларусь увашла ў склад Расійскай імпэрыі. Вышла так, што з аднэй ужо раскіданай дзяржавы яна ўвашла ў другую, якая таксама не магла пахваліцца сваім здароўем. Мы добра ведаем, што ў канцы XVIII сталецьця Расія з соцыяльнага боку перажывала ўсе хваробы фэадалізму. Аснову экономікі імпэрыі складала вясковая гаспадарка. Яна цалком трымалася і грунтавалася на паднявольнай цяжкай працы прыгоннага, прыкутага да панскай зямлі, селяніна, каторы ў тыя часы носіць назву «раба», што кропка ў кропку адпавядае сярэднявяковай фэўдальнай назьве «сэрва» (servus — раб). Расійскае земляўласьніцкае дваранства, ня гледзячы на самую інтэнсыўную эксплёатацыю сваіх «рабоў», не дастае даходаў з гаспадаркі, бо ня можа наладзіць яе, як належыць, на капіталістычны манер. Гарады існуюць толькі як адміністрацыйныя цэнтры, а як гандлёвыя пункты яны знаходзяцца ў заняпадзе. Пры панаваньні прыгоннай натуральнай гаспадаркі прамысловасьць і гандаль ня могуць разьвінуцца. Самаўладзтва расійскага імпэратара таксама носіць больш фэўдальны, чым бюрократычны, характар. Цар зьяўляецца першым дваранінам-фэўдалам у сваёй імпэрыі, і царызм ставіць сабе за мэту выключна абарону дваранскіх праў і інтарэсаў. Вялікае тэрыторыяльна і багатае прыроднымі багацьцямі гаспадарства задыхаецца экономічна, а разам з тым і політычна. Вось у гэтую затхлую атмосфэру гнілога вялікага організму пападае і Беларусь.

«Апека» над новапрылучанымі землямі новага ўраду пачалася адразу. Пачалі выдавацца ўсялякія прыказы й адозвы. Мы зьвернем увагу на выданы пасьля першага падзелу (1774 г.) агульнага характару прыказ губэрнатара Магілёўскай і Пскоўскай губэрань, у склад якіх увашлі прылучаныя часткі Беларусі. Па сутнасьці гэтага прыказу губэрнатары гэтых губэрань павінны былі абвясьціць усім насельнікам беларускага краю, што яны цяпер маюць усе тыя правы і вольнасьці, каторымі карыстаюцца старыя падданыя Расійскай імпэрыі. У прыказе было сказана паміж іншым так: «Кожны стан з насельнікаў прылучаных зямель уступае з самага гэтага дня ўва ўсе да яго належныя карысьці (выгады) па ўсім абшары імпэрыі Расійскай». Гэты ўрачысты прыказ гучэў горкаю кпінаю ў адносінах да ўсіх працоўных мас Беларусі. Сялянства, каторае ў Рэчы Паспалітай карысталася ўсімі «выгадамі» «быдла», дастала ў новым гаспадарстве «выгады» рабочага «скота». Прыблізна тыя самыя «выгады» дасталі дробныя рамесьнікі і рабочы люд па гарадох. Буржуазія беларускіх гарадоў ад новых «выгад» таксама прайграла. Яна ў Рэчы Паспалітай мела такі-сякі самаўрад на аснове