Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/107

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

вядзецца наступ Расіі ў Сярэднюю Азію: Расія дастае Кіргіскі стэп, замацняецца ў нізінах Сыр-Дар’і (1847 г.). У 1850 годзе імпэрыя ўступае ў барацьбу з Кокандам і адбірае ад яго Заілійскі край. Здабываюцца землі на далёкім усходзе—левы бераг Амура і яго вусьце. Вядзецца бязупынная доўгалетняя барацьба з каўкаскімі вольнымі пляменьнямі, каб здабыць тэрыторыю для рускага рынку.

Зразумела, што пасьпехі Расіі на ўсходзе не маглі не зьвярнуць на сябе ўвагі заходніх імпэрыялістычных дзяржаў, асабліва Англіі, каторая таксама хацела захапіць усходнія рынкі. Пабачыўшы, што экономічны ўплыў Расіі на ўсходзе ўсё расьце, яны заварушыліся. Скарыстаўшы другую Турэцкую вайну Расіі, Англія, Францыя, Сардынія і др. дзяржавы ўмяшаліся ў яе, стаўшы проціў Расіі. Расія пачала цярпець паражэньне за паражэньнем. Імпэрыя напружыла ўсе сілы працоўных мас. Было набрана 360 тысяч апалчэнцаў, рэкруцкія наборы йшлі адзін па другім. Але ўсё гэта не памагло. Ангельцы і французы ўвашлі са сваімі флётамі ў Чорнае мора, высадзіліся ў Крыме і праз 11 месяцаў узялі месца стаянкі чорнаморскага флёту, крэпасьць Сэвастолаль. Руская армія з добрым, выносьлівым салдатам, з нягодным вышэйшым камандным складам, з зладзейскім інтэнданцтвам і адсталаю прымітыўнаю тэхнікаю не змагла абараніць для рускага гандлёвага і прамысловага капіталу рынкаў блізкага і далёкага ўсходу. Політыка Мікалая І з трэскам правалілася. Трэба сказаць, што ён добра зразумеў гэты правал. Няўдача зламала гэтага чалавека, і ён атруціўся. Перад скананьнем ён выказаў сыну, Аляксандру ІІ, вельмі тыповыя для сябе словы: «Здаю табе каманду, але, нажаль, не ў такім парадку, як жадаў, астаўляючы табе шмат працы і клопату. Мне хацелася-б, прыняўшы на сябе ўсё цяжкае, пакінуць табе царства мірнае, добра збудованае і шчасьлівае, але бог судзіў іначай». На царства канаючы цар глядзіць, як на вайсковую каманду. У камандзе завёўся «непарадак», каторага так баяўся Мікалай І.

Да гэтых слоў трэба дадаць, што ня бог, а барацьба імпэрыялістычных гаспадарстваў за пашырэньне рынку «судзіла іначай» і павярнула ў другі бок старую політыку, ахварбаваўшы ў чорны колер ружовыя погляды на сваё кіраваньне ўпартага Мікалая І. Апроч таго, трэба яшчэ сказаць, што каманда была здадзена ня ў лёгкім непарадку, як думаў Мікалай І, а ў поўным беспарадку. Улада ў Расіі згубіла папулярнасьць як дома, так і заграніцай. Проціў улады былі настроены ня толькі сяляне, што чакалі ды не дачакаліся вызваленьня ад паноў, але і прамысловыя капіталістыя, запатрабаваньні каторых на пашырэньне рынку праваліліся.

Новаму ўраду бязумоўна трэба было ўжо рабіць новую політыку. Прамысловы капітал заяўляе свае прэтэнзіі і патрабуе для сябе мес