Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/104

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

нага капіталу. Дзеля гэтага ён усімі сіламі стараўся збыць са сваёй зямлі сядзеўшых на ёй прыгонных сялян. Калі яму, дзякуючы ўказу 1842 году, не ўдалося вызваліць сялян без зямлі, ён дадумаўся да другіх мер, напрыклад, аддаваць іх у наймы на адходным промыслы, сярод якіх асабліва былі пашыраны земляныя работы, каторыя адбываліся ў розных канцох імпэрыі.

Малады прамысловы капітал патрабаваў ужо для свайго існаваньня шмат рабочых рук. Такое запатрабаваньне і скарысталі земляўласьнікі на Беларусі. Аддаючы свайго прыгоннага селяніна ў найміты, земляўласьнік гэтым самым здымаў з сябе ўсякую апеку над асобай і дабрабытам селяніна. Ён кідаў яго ў найміты бяз вопраткі і без харчоў. Пан апраўдываў такія свае адносіны да селяніна тым, што аб утрыманьні наймітаў павінен клапаціцца прадпрыемца, катораму патрэбна праца нанятых ад пана сялян. Прадпрыемца і не адмаўляўся ад утрыманьня наймітаў-сялян. Але ён, зьбіраючы капітал, карміў і адзяваў нанятых такім спосабам сялян пастолькі, паколькі яму былі патрэбны іх жыцьцё і рабочая сіла. Ён утрымваў іх паўгалоднымі і паўадзетымі. Зразумела, што сьмяротнасьць сярод выкінутага ў наймы сялянства была страшэнная. Памёршых замянялі новымі, а калі і тыя ўміралі, то і іх замянялі зноў новымі і г. д. Цэлымі вёскамі паны збывалі са сваіх рук, такім спосабам, непатрэбных ім сялян, атрымваючы ад гэтага пэўныя даходы. Як кажа проф. У. І. Пічэта, кожны год адбываўся з нашага краю свайго роду «ісход» беларускага народу.

Урад Мікалая І павінен быў зьвярнуць увагу на гэты факт, лічачы яго вельмі небясьпечным для дзяржавы ў сэнсе рэволюцыянізацыі мас. У 1835 годзе былі выданы правілы аб аддачы беларускімі панамі сваіх сялян у наймы. Сутнасьць гэтых правіл была такая. Пан ня мае права аддаць у наймы ўсю вёску цалком і з сям'і ён ня можа аддаць у наймы больш палавіны. (Цікава тое, што менш палавіны—можна). Паводле правіл, пан павінен за зданых у наймы сялян заплаціць у скарб патрэбныя падаткі і забясьпечыць ім харчы і вопратку. Правілы, апроч таго, бралі на сябе абарону сялян-наймітаў з боку паляпшэньня умоў іх працы і павышэньня аплаты працы. Была вызначана велічыня рабочага дню, якасьць і колькасьць харчоў у дзень на кожнага рабочага. Былі вылічаны процанты заработнай платы, якія павінен быў застаўляць селянін для сябе і якія ён мусіў аддаваць свайму пану. Адным словам, добрыя намеры аўтараў гэтых правіл былі вельмі шырокія. Але з гэтых добрых намераў нічога ня вышла. Правілы засталіся на паперы, а падвойная эксплёатацыя панам-земляўласьнікам селяніна засталася ў рачавістасьці.

На Беларусі сярод багатых вялікіх паноў, магнатаў вельмі быў пашыран звычай аддаваць свае маёнткі ці ў арэнду, ці пад нагляд кі