Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/98

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

сказана? Я, напэўна, не дачула. Не можа быць, каб гэта вымаўлена было гэтым страшыдлам мэрам. Гэта, напэўна, вы сказалі, мой добры пан Жавер, гэта вы мяне адпускаеце? Вы-ж паверылі маім словам? Ва ўсім вінаваты гэты стары нягоднік, мэр. Уявіце сабе, пан Жавер, ён мяне выгнаў з фабрыкі. Хіба гэта не жах? Адабраць у беднай дзяўчыны сумленны заработак з-за нейкіх пляткарак! А я-ж працавала не горш за іншых. Вось я і дайшла да гэтага становішча. Я ўся ў даўгу. У мяне ёсць мая маленькая Казета, за якую я павінна плаціць. А дзе мне ўзяць! Я-ж не дрэнная жанчына, пан Жавер. Упэўніваю вас, ёсць шмат горшыя за мяне, а, між тым, яны шчаслівей жывуць. І ўсё гэта дзякуючы мэру. А цяпер вы мяне адпускаеце, ці праўда? І я расплачуся з даўгамі. Я магу пайсці? Дзякую, дзякую вам! Выбачайце.

Пан Мадлен слухаў усё гэта з вялікай увагай. У час яе гутаркі ён выняў кашалёк, але кашалёк быў пусты. Ён зноў паклаў яго ў кішэню. Потым запытаў у Фантыны:

— Колькі вы вінны?

Фантына, якая ўвесь час не спускала вачэй з Жавера, абярнулася да яго.

— Хіба я з табою гутару? — адказала яна. Потым, звяртаючыся да салдат, дадала:

— Ці бачылі вы, як я плюнула яму ў твар? Ух, стары машэннік! Ты прышоў сюды, каб напалохаць мяне, дык я цябе ніколькі не баюся. Я баюся толькі пана Жавера, майго добрага пана Жавера.

І яна зноў сказала інспектару:

— Трэба-ж быць справядлівым, пан інспектар. Я разумею, што вы зусім правы. Па сутнасці, гэта так натуральна, што пан, жадаючы пацешыцца, накідаў мне за спіну снегу. Гэта ўсіх насмяшыла і забавіла. Мы-ж і існуем для забаў. А потым падышлі вы і, вядома, абавязаны былі ўстанавіць парадак і павялі вінаватую. Але, падумаўшы, вы па дабраце сваёй рашылі адпусціць яе на волю. Гэта вы зрабілі для маёй малюткі, таму што калі я прасяджу поўгода ў турме, то нічога не змагу зарабіць. Толькі глядзі, нягодніца, не пападайся. О, будзьце спакойны, пан Жавер; хай цяпер робяць са мною што хочуць, я не пікну. Гэта толькі сёння я раскрычалася, таму што, бачыце, мне было балюча, я не чакала гэтага. Да таго-ж, я вам казала, я хворая і кашляю, і доктар казаў мне берагчыся. Вось краніце мае рукі, не бойцеся!

Яна больш не плакала, голас яе гучэў ласкава; яна ўзяла грубую руку Жавера ў свае худыя далоні і, усміхаючыся, глядзела на яго.