Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/96

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

па-за законам. І ён, Жавер, бачыў гэта ўласнымі вачыма. Ён моўчкі пісаў далей.

Скончыўшы, ён падпісаўся, склаў паперу і сказаў, звяртаючыся да дзяжурнага:

— Вось вазьміце гэта, захапіце з сабой трох чалавек, адвядзіце гэтую жанчыну ў турму.

Потым сказаў Фантыне:

— Шэсць месяцаў арышту.

Няшчасная задрыжэла ўсім целам.

— Шэсць месяцаў! Шэсць месяцаў турмы! — ускрыкнула яна. — А што станецца з маёй Казетай за гэты час! З маёй дзяўчынкай, з маёй дачкой? Я-ж вінна яшчэ больш як сто франкаў гэтым Тэнард'е, пан інспектар. Ці вядома вам гэта?

І яна поўзала на каленях па бруднай падлозе пакоя, у роспачы ламаючы рукі.

— Пан Жавер, — казала яна далей, — злітуйцеся! Запэўніваю вас, што я не вінавата. Калі-б вы бачылі, з чаго ўсё пачалося! Клянуся богам, я не вінавата. Гэты пан, якога я ніколі і ў вочы не бачыла, наклаў мне снегу за спіну. Хіба можна так рабіць з намі, калі мы спакойна праходзім па вуліцы, нікога не закранаючы? Гэта мяне абурыла. Я, бачыце, не зусім здаровая. І да таго-ж ён увесь час дражніў мяне: „Ты брыдкая, ты бяззубая“. Я гэта сама добра ведаю. Але я ўсё маўчала і думала: „Гэты пан забаўляецца, хай яго!“ Я была з ім далікатная і нічога не адказвала яму. Але раптам ён засунуў мне камяк снегу за спіну, Пан Жавер, мой добры пан інспектар! Няўжо ніхто не пацвердзіць вам, што я кажу шчырую праўду? Хіба толькі я вінавата ў тым, што раззлавалася. Але вы ведаеце, у першую хвіліну ніколі не можаш зладзіць з сабой. І потым гэты снег быў для мяне такой нечаканасцю. Я і збіла капялюш з гэтага пана. Чаго ён уцёк? Я-б папрасіла ў яго прабачэння. Але хоць вы мне прабачце на гэты раз, пан Жавер. Падумайце, ну, што я магу зарабіць у турме? А ў мяне столькі даўгоў! Я-ж павінна плаціць за сваю дачку, якую я, на няшчасце, не магу трымаць пры сабе. І ўявіце, калі я не заплачу за яе, Тэнард'е прагоніць яе на вуліцу. А цяпер-жа зіма. Калі-б яна была крыху старэйшая, то магла-б хоць зарабіць што-небудзь, але яна зусім маленькая. Па сутнасці, я не такая дрэнная жанчына, пан інспектар. Раней я не была такой. У мяне было і ўбранне і бяллё, запэўніваю вас. Злітуйцеся нада мной, пан Жавер!

Так казала яна, надрываючыся ад рыданняў, заліваючыся слязмі, зломленая горам і роспаччу. Сухі кашаль перапыняў часам паток яе слоў. Вялікае гора асвятляе часам таям-