Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/90

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Яе зволілі з месца ў канцы зімы. Прайшло потым лета, і зноў настала зіма. Пачаліся кароткія дні і недахоп у рабоце. Неба цэлы дзень навісала, як свінцовае скляпенне, цэлы дзень сядзіш, як у пацёмках. Зіма ператварае падаючую з неба ваду і сэрцы людзей у камень. Крэдытары праследвалі Фантыну.

Яна зарабляла вельмі мала. Даўгі ўсё ўзрасталі. Тэнард'е, якім яна плаціла дрэнна, пісалі ёй такія пісьмы, з-за якіх яна не спала па цэлых начах і якія даводзілі яе да роспачы. Аднойчы яны ёй напісалі, што Казета зусім абнасілася, што на зіму ёй патрэбна мець хоць цёплую спадніцу і каб маці прыслала на гэта дзесяць франкаў. Яна атрымала гэта пісьмо і цэлы дзень не выпускала яго з рук. Увечары яна пайшла да аднаго цырульніка і распусціла перад ім свае дзівосныя валасы, якія ўпалі да каленяў.

— Якія цудоўныя валасы! — ускрыкнуў той.

— Колькі вы за іх дасце? — запытала яна.

— Дзесяць франкаў.

— Стрыжыце!

Яна купіла шарсцяную спадніцу і паслала яе Тэнард'е.

Гэта пасылка прывяла шаноўных мужа з жонкай у шаленства. Ім патрэбны былі грошы. Спадніцу яны аддалі Эпаніне. Бедны жаўранак па-ранейшаму дрыжэў ад холаду.

А Фантына думала: „Цяпер маёй дзяўчынцы цёпла. Я яе апранула сваімі валасамі".

Сама-ж яна пачала насіць маленькія чэпчыкі, якія хавалі яе стрыжаную галаву. Але і ў гэтым выглядзе яна была яшчэ вельмі цікавая.

У сэрцы Фантыны адбывалася сумная работа.

Калі яна страціла магчымасць расчэсваць свае валасы, ёй раптам усё стала ненавісна. Яна доўгі час разам з іншымі адчувала глыбокую павагу да бацькі Мадлена. Але пакрыху, паступова, паўтараючы сабе ўвесь час, што па яго міласці яе зволілі з работы, што ён быў прычынай яе няшчасця, яна пачала яго ненавідзець і ненавідзець больш за ўсіх. Калі яна праходзіла каля фабрыкі ў час адпачынку рабочых, яна знарок старалася гучна смяяцца і спяваць.

Адна старая, бачачы гэта, сказала:

— Гэтая дзяўчыча дрэнна скончыць.

Кашаль не сціхаў у яе. Але яна думала пра Казету і ўсміхалася.

Аднойчы яна атрымала ад Тэнард'е пісьмо наступнага зместу:

„Казета хворая на заразную хваробу — на сыпную ліхарадку. Неабходны лякарствы. Гэта нас разарае, і мы не