Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/89

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Пан Мадлен ва ўсім на яе спаклаўся і, безумоўна, давяраў ёй. На гэтай падставе яна і дазволіла сабе ад імя пана Мадлена асудзіць і пакараць Фантыну. Што-ж датычыць да пяцідзесяці франкаў, то яны былі выданы з сумы, прадастаўленай ёй панам Мадленам для дапамог і ўзнагарод работніцам і ў якой ён ніколі не пытаў яе справаздачы. Фантына пачала шукаць у горадзе месца служанкі. Яна заходзіла з аднаго дома ў другі, але ніхто не захацеў яе ўзяць.

Тады яна пачала шыць тоўстыя кашулі на гарнізонных салдат і зарабляла 12 су ў дзень. Дачка яе каштавала дзесяць. Якраз у гэты час яна пачала неакуратна плаціць за яе.

Вось тут Фантына даведалася, як жывуць у галечы. Навучылася абыходзіцца ўзімку без агню, навучылася ператвараць спадніцу ў коўдру і наадварот і дайшла ў гэтых адносінах да дасканаласці. Раз яна сказала сваёй суседцы:

— Вось бачыце, я кажу сабе: калі я буду спаць у суткі толькі пяць гадзін, а ўвесь астатні час шыць, то я заўсёды зараблю сабе на хлеб. Да таго-ж, калі на душы невесела, дык і есці не хочацца.

У гэтым жахлівым становішчы думка пра дачку ажыўляла яе. Яна марыла ўзяць яе да сябе.

Але куды-ж? Прымушаць яе дзяліць з сабой голад і галечу? І апрача таго, як расплаціцца з Тэнард'е, якім яна столькі вінна?

У першыя часы, калі яе зволілі з месца, Фантына саромілася нават паказвацца на вуліцу. Усе глядзелі на яе і паказвалі пальцамі, і гэтая халодная, жорсткая пагарда працінала ёй душу і цела, як струмень ледзянога ветру. У маленькіх гарадках схаваць нічога нельга. У Парыжы яе, па крайняй меры, ніхто-б не пазнаў. Ох, як-бы жадала яна цяпер быць у Парыжы! Але гэта было немагчыма.

Прыходзілася прывыкаць да новага становішча. Месяцы праз два-тры яна прывыкла да сваёй ганьбы і выходзіла хоць-бы што.

— Мне ўсёроўна, — казала яна.

І яна ішла, высока падняўшы галаву, з горкай усмешкай на губах, адчуваючы, што робіцца наглай.

Празмерная работа знясільвала Фантыну. Кашаль у яе ўзмацніўся. Яна часта казала суседцы:

— Памацайце мае рукі, якія яны гарачыя.

Тым не менш, калі яна раніцою абломкам грабёнкі расчэсвала свае цудоўныя валасы, бліскучыя, як шоўк, яна адчувала прыліў шчаслівага какецтва.