Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/88

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

зноў любавалася сваімі валасамі і зубамі, амаль забылася пра мінулае і думала пра Казету і пра магчымае будучае.

У гэты час, як вядома, яна плаціла пары Тэнард'е даволі акуратна.

Пісьмы яна пісала часта. На гэта звярнулі ўвагу. У жаночай майстэрні пачалі гаварыць, што ў Фантыны дзіўныя манеры.

Ніхто так не цікавіцца чужымі справамі, як тыя, каму да іх няма роўна ніякай справы. Ёсць людзі, якія гатовы страціць і час і грошы, абы дазнацца аб падрабязнасцях западазроных у чым-небудзь асоб, і ўсё гэта з-за адной толькі пацехі, з-за аднаго задавалення пустой цікаўнасці.

Так і на гэты раз: за Фантынай устанавілі нагляд.

Некалькі разоў кумушкі заўважалі, што яна ўкрадкай выцірае слёзы. Гэта былі хвіліны, калі яна ўспамінала пра сваё дзіця.

Дазналіся, што яна піша пісьмы па меншай меры два разы ў месяц па адрасу: „Пану Тэнард'е, шынкару ў Манфермейлі“. Знайшлі пісара, які пісаў гэтыя пісьмы і які разгаласіў пра іх змест. Адным словам дазналіся, што ў Фантыны ёсць дзіця, напэўна дзяўчынка. Знайшлася ахвотніца, якая з'ездзіла ў Манфермейль, бачылася з Тэнард'е і пасля прыезду паведаміла, што бачыла дзіця.

Між тым, Фантына па-ранейшаму працавала на фабрыцы. Яна пражыла ўжо больш за год, калі аднойчы наглядчыца майстэрні, даўшы ёй ад імя пана мэра пяцьдзесят франкаў, сказала, што яна больш непатрэбна, і абвясціла, што пан мэр раіць ёй перасяліцца ў другое месца.

Гэта было як раз у той час, калі Тэнард'е, павялічыўшы плату да дванаццаці франкаў замест сямі, запатрабавалі раптам пятнаццаць франкаў у месяц.

Фантына была ашаломлена. Выехаць з горада яна не магла, таму што была кругом у даўгу. Пяцідзесяці франкаў, выданых ёй пры адмове, нехапіла на ўплату даўгоў. Яна пачала прасіць, але наглядчыца строга загадала ёй адразу-ж пакінуць майстэрню. Апрача таго, Фантына была не з лепшых работніц. Прыгнечаная сорамам і роспаччу, яна вярнулася да сябе. Цяпер усім было вядома яе мінулае!

Яна была бяссільна абараняцца. Ёй параілі пабачыцца з самім мэрам, але яна не адважылася. Мэр-жа, па дабраце сваёй, даў ёй пяцьдзесят франкаў і выгнаў яе. Ён зрабіў зусім справядліва. І яна скарылася перад гэтым рашэннем.

У сапраўднасці пану Мадлену нічога не было вядома. Ён не меў нават звычкі ўваходзіць у жаночую майстэрню. На чале яе ён паставіў адну старую дзеву, якую яму параіў поп, як асобу справядлівую, сумленную і цвёрдых правіл.