Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/85

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

гэта, але, здавалася, не надаў ніякага значэння. Ён ні разу нават не звярнуўся да Жавера з пытаннем з гэтага поваду, не стараўся ўхіляцца яго і абыякава зносіў гэты цяжкі, амаль гнятлівы нагляд. Ён абыходзіўся з Жаверам, як і з усімі, ветліва і спакойна. Па некалькі выпадкова кінутых словах Жавера можна было здагадацца, што ён старанна і безупынна адшуквае сляды мінулага пана Мадлена. Здавалася, што ён ведаў штосьці і намякаў не раз, што хтосьці збіраў недзе весткі пра сям'ю, якая бясследна знікла цяпер. Аднойчы, ён нават праказаў:

— Здаецца, ён цяпер у маіх руках.

Пасля гэтага ён тры дні хадзіў задумаўшыся і не праказаў ні слова, нібы знойдзеная ім нітка раптам перарвалася. Безумоўна, Жавера бянтэжыў гэты поўны спакой Мадлена. Але аднаго разу яго дзіўнае абыходжанне, як відаць, зрабіла некаторае ўражанне на мэра, і вось як гэта было.

ХIX

ФАШЛЕВАН

Неяк раніцою пан Мадлен праходзіў па адной з небрукаваных вуліц горада М. Раптам ён пачуў шум у невялічкім натоўпе людзей. Ён накіраваўся туды. Аказалася, што стары Фашлеван завяз у гразі з сваім канём і возам, прычым воз перакуліўся і ён папаў пад воз. Конь таксама паваліўся.

Гэты Фашлеван належаў да тых рэдкіх ворагаў, якія аставаліся яшчэ ў гэты час у Мадлена. Калі Мадлен прыбыў у М., Фашлеван меў невялікі гандаль, але справы яго ішлі дрэнна. У той-жа час ён выконваў абавязкі вясковага страпчага. Убачыўшы, як паступова багацеў гэты прышлы рабочы, у той час як ён, Фашлеван, разараўся, ён зненавідзеў Мадлена і стараўся шкодзіць яму, дзе толькі магчыма. Бачачы, што ўсё бескарысна, ён змірыўся і цяпер адзінокі, на старасці год, вымушан быў зрабіцца рамізнікам, захаваўшы ад сваёй ранейшай гаспадаркі толькі воз з канём.

І вось зараз няшчасце. Конь пераламаў сабе ногі. Стары завяз між колаў. Воз перакуліўся так няўдала, што прыдушыў яму грудзі. Фашлеван задыхаўся пад яго цяжарам. Ен спрабаваў выкарабкацца, але дарэмна. Малейшы няўдалы рух мог прыкончыць яго. Ён жаласна стагнаў. Адзінае, што трэба было зрабіць, — гэта падняць воз знізу. Жавер падышоў да месца здарэння і паслаў па рычаг.

У гэтую хвіліну наблізіўся пан Мадлен. Усе пачціва далі яму дарогу.