Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/83

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

нутым на лоб капелюшом, спыняўся і доўга глядзеў услед за мэрам, скрыжаваўшы пры гэтым рукі і ківаючы галавой.

Здавалася, што ён гаварыў сабе:

— Што гэта за чалавек? Я ўпэўнены, што бачыў яго дзесьці раней. Але дзе? У кожным выпадку, я не дам сябе абдурыць.

Гэты суровы, амаль грозны чалавек быў з тых людзей, твары якіх астаюцца ў памяці ў тых, хто іх бачыў хоць адзін раз.

Яго звалі Жавер, і ён служыў у паліцыі.

Ён выконваў у М. цяжкі абавязак паліцэйскага інспектара. Ён не застаў пачатку дзейнасці Мадлена і папаў у М. тады, калі фабрыка ўжо квітнела і „бацька Мадлен“ ператварыўся ўжо ў „пана Мадлена“.

Паходжанне Жавера было даволі цёмнае. Ён нарадзіўся ў турме ад гадалкі, муж якой быў сасланы на галеры. Ён рос з думкаю, што назаўсёды выкінуты з грамадства, і ніколі не спадзяваўся зноў уступіць у яго. Ён заўважыў, што грамадства ўпарта адварочваецца ад двух класаў людзей: ад тых, хто на яго нападае, і ад тых, хто яго ахоўвае. Ен мог выбіраць толькі паміж гэтымі двума класамі. У той-жа час у душы ў яго жыло штосьці строгае, правільнае і нават сумленнае, што прымушала яго адчуваць глыбокую агіду да асяроддзя, з якога ён вышаў. Ён паступіў у паліцыю. Там яму пашанцавала. У сорак год ён быў інспектарам.

З маладосці ён быў наглядчыкам на галерах, дзесьці на поўдні.

Чалавечае аблічча Жавера складалася з задранага носа, з двума глыбока ўрэзанымі ноздрамі, да якіх з абодвух бакоў спускаліся густыя бакенбарды. Жудасна рабілася пры першым поглядзе на гэту фізіяномію. Калі ён смяяўся сваім страшэнным смехам, яго тонкія губы рассоўваліся і агалялі не толькі зубы, але і дзёсны, увесь твар пакрываўся глыбокімі зморшчкамі, што рабіла яго падобным тады да дзікага звера. Жавер у звычайным выглядзе быў падобны да сабакі; калі-ж ён смяяўся, ён рабіўся тыграм. Наогул, гэта быў суб'ект з мала развітым чэрапам і вельмі развітымі сківіцамі. Валасы закрывалі лоб і спускаліся да брывей. Паміж вачэй ляжала простая зморшчына, нібы кляймо гневу; позірк быў пануры, губы сціснутыя і ўвесь твар страшны, уладны і жорсткі.

Гэты чалавек складаўся з двух вельмі простых і, па сутнасці, добрых пачуццяў, якія, аднак, ператварыліся амаль што ў парок пры тым спосабе, як ён падпарадкоўваўся ім: гэта павага да аўтарытэту і нянавісць да абурэння.