Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/78

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У тым-жа 1819 годзе шклярусныя вырабы, зробленыя па новаму спосабу Мадлена, фігуравалі на прамысловай выстаўцы. Па прыгавору журы, кароль узнагародзіў вынаходніка ордэнам Пачотнага легіёна. Гарадок зноў захваляваўся. Дык вось чаго ён дамагаўся, ордэна! Але Мадлен адмовіўся і ад ордэна.

Сапраўды чалавек гэты прадстаўляў загадку. Добрыя людзі разгадалі яе, сказаўшы:

— Урэшце гэта проста авантурнік.

Як бачылі, краіна была шмат чым яму абавязана, бедныя былі яму абавязаны ўсім. Ён быў настолькі карысны, што мімаволі выклікаў павагу, і такі добры, што, нарэшце, усе палюбілі яго. Асабліва рабочыя абажалі яго, і ён прымаў гэтае абажанне з нейкай сумнай строгасцю. Калі ўсе ўпэўніліся, што ён багаты, людзі „прыстойнага“ грамадства пачалі з ім прывітвацца і называць „пан Мадлен“. Рабочыя і дзеці па-ранейшаму называлі яго бацькам Мадленам, і гэта выклікала ветлівую ўсмешку на яго твары. Па меры яга ўзвышэння ўсе пачалі падлашчвацца да яго. Запрашэнні сыпаліся на яго дажджом. Пышныя гасцінныя гарады, якія, безумоўна, захлопнулі-б свае дзверы перад прастымі рабочымі, шырока расчыняліся перад мільянерамі. Алё ён заўсёды ўхіляўся ад усіх гэтых ласак.

— Гэта невук, — гаварылі пра яго „добрыя“ людзі. — Адразу відаць, з каго ён вышаў. Ён проста не ўмее трымаць сябе перад людзьмі. Наўрад ці ўмее ён чытаць.

Калі ўбачылі, што ён зарабляе вялікія грошы, то сказалі: гэта купец. Калі ён пачаў гэтыя грошы раздаваць, сказалі: гэта чысталюбец. Калі ён ухіліўся ад пашаны, рашылі: гэта авантурнік. Калі-ж ён адмовіўся ад свецкай кампаніі, усе згадзіліся, што гэта невук.

У 1820 годзе, праз пяць год пасля яго прыбыцця ў М., паслугі, зробленыя ім краіне, былі да таго відавочны, жаданне ўсяго насельніцтва да таго аднадушна, што кароль знаў назначыў яго мэрам. Ён зноў адмовіўся, але прэфект не прыняў яго адмовы, усе першыя асобы горада прышлі яго ўпрашаць, народ на вуліцах умольваў яго згадзіцца, і просьбы былі такія настойлівыя, што ён павінен быў волей-няволей здацца. Гэта быў трэці перыяд яго ўзвышэння. Бацька Мадлен паратварыўся ў пана Мадлена, пан Мадлен — у пана мэра.

Але і пасля гэтага назначэння нічога не змянілася ў прастаце яго жыцця, той-жа самы задуменны выгляд, той-жа сур'ёзны твар і простая вопратка. Ён насіў капялюш з шырокімі палямі і доўгі сурдут, зашпілены даверху. Ён выконваў абавязкі мэра, але, як і раней, жыў адзінока. Ён рэдка