Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/77

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

зніклі. Не было ніводнай кішэні, куды не перапала-б некалькі грашоў, не было ніводнай хаціны, куды не пранік-бы прамень радасці.

Бацька Мадлен усіх засадзіў за работу. Ён патрабаваў толькі аднаго: будзьце сумленнымі ўсе без выключэння.

Як мы ўжо сказалі, сярод гэтай дзейнасці, прычынай і рычагом якой быў ён, бацька Мадлен нажыў вялікае багацце, але — дзіўная з'ява ў простым камерцыйным чалавеку — гэта зусім не было, як відаць, яго галоўным клопатам. Здавалася, што ён шмат клапаціўся пра іншых і мала думаў пра сябе. У 1820 годзе ўсе ведалі, што ў банкірскім доме Лафіт у яго ляжыць капітал у шэсцьсот трыццаць тысяч франкаў, але перш чым скапіць гэтыя грошы, ён страціў больш за мільён на бедных і на гарадскія патрэбы.

У шпіталі было мала ложкаў. Ён прыбавіў дзесяць. М. быў раздзелены на верхні і ніжні горад. Ніжні горад, дзе жыў бацька Мадлен, меў адну толькі школу, і тая змяшчалася ў поўразбуранай халупе. Ён пабудаваў дзве: адну для хлопчыкаў, другую для дзяўчынак. Настаўнікам гэтых школ ён плаціў з сваёй кішэні ўдвая больш, чым яны атрымлівалі ад казны, і, калі аднойчы хтосьці выказаў здзіўленне з гэтага поваду, ён адказваў:

— Найважнейшыя слугі дзяржавы — гэта карміліца і школьны настаўнік.

Ён зрабіў, зноў-такі на ўласныя сродкі, прытулак для дзяцей — рэч яшчэ амаль невядомую ў тыя часы ў Францыі, і дапаможную касу для састарэлых і пакалечаных рабочых. Яго фабрыка зрабілася цэнтрам новага квартала, заселенага бедным рабочым людам. Бацька Мадлен зрабіў там дармовую аптэку.

У першы час, калі ўбачылі ўсе гэтыя зацеі, добрыя людзі гаварылі: „Гэты маладзец хоча разбагацець“. Калі-ж убачылі, што ён узбагаціў краіну, тыя-ж самыя людзі сказалі: „Гэта чэсталюбец”. Гэта здавалася тым больш верагодным, што ён быў рэлігійным і нават да некаторай ступені набожным, што стварала тады чалавеку добрую рэпутацыю. Кожную нядзелю ён акуратна хадзіў на абедню.

У 1819 годзе ў горадзе пайшлі чуткі, што кароль, па прадстаўленню прэфекта і прымаючы пад увагу паслугі, якія зрабіў Мадлен гораду, хоча яго назначыць мэрам у М. Тыя, хто называў Мадлена чэсталюбцам, ужо радаваліся і, паціраючы рукі, крычалі:

— А што-ж, мы-ж праракалі гэта!

Увесь М. быў усхваляваны. Чуткі мелі падставу. Праз некалькі дзён назначэнне было надрукавана ў афіцыяльнай газеце. На другі дзень Мадлен паслаў адмову.