Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/74

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

домам, мыць пасуду, нават цягаць цяжары. Тэнард'е лічылі, што яны тым болей маюць права прымушаць яе працаваць, што маці дзяўчынкі, астаючыся, як і раней у М., пачала плаціць вельмі няспраўна. Некалькі месяцаў яна і зусім нічога не плаціла.

Калі-б гэтая маці праз тры гады прыбыла ў Манфермель, яна зусім-бы не пазнала сваё дзіця. Казета, такая прыгожанькая і свежанькая пры ўступленні ў гэты дом, была цяпер худая і бледная. У яе быў нейкі змардаваны выгляд.

— Ціхоня! — бурчэлі Тэнард'е.

Несправядлівасць зрабіла яе панурай, няшчасце — непрыгожай. У яе асталіся адны толькі чароўныя вочы, якія ўзбуджалі жаль. Яны былі такія вялікія, што ў глыбіні іх яшчэ ясней чыталася страшэннае гора, у якім яна жыла.

Сэрца сціскалася, калі, бывала, бачыш, як гэта малютка зімою, абвязаная нейкай анучай, з вялізнай мятлой у руках, падмятала двор. Ручкі былі чырвоныя ад холаду, а ў вачах стаялі застылыя слёзы. Небарацы не было тады шасці год.

У вёсцы яе звалі жаўранкам. Народу, які любіць вобразвыя выразы, падабалася называць так малюсенькую дзяўчынку, крыху большую за птушку, запалоханую, дрыготную. Як і жаўранак, яна прачыналася ў доме і ў вёсцы раней за ўсіх; толькі гэты бедны жаўранак ніколі не спяваў.

ХVІІ

ЧОРНЫ ШКЛЯРУС

Але што сталася, аднак, з маці, якая, на думку абываталяў Манфермейля, пакінула сваё дзіця? Дзе была яна? Што рабіла?

Пакінуўшы Казету ў Тэнард'е, яна пайшла далей сваёй дарогай і прыбыла ў М. Гэта было, калі прыпомніць чытач, у 1818 годзе.

Фантына пайшла з радзімы год дзесяць таму назад. За гэты час гарадок М. вельмі змяніўся. У той час, як Фантына ўсё больш і больш бяднела, яе родны горад усё больш і больш квітнеў. Каля двух год таму назад у яго прамысловым жыціі адбыўся адзін з тых пераваротаў, якія з'яўляюцца вялікімі падзеямі для жыцця цэлай краіны.

Гэтая дэталь вельмі важная, і мы лічым патрэбным не толькі ўпамянуць аб ёй, але і падкрэсліць яе.

З незапомных часоў спецыяльным промыслам горада М. была вытворчасць накшталт англійскай шкляруснай[1] вы-

  1. Шклярус — дробныя бісерныя аздобы для адзення, якія вырабляюцца са шкла.