Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/73

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

належалі па ўмове, і надалей высылала гэту суму акуратна кожны месяц. Яшчэ не скончыўся год, як Тэнард'е сказаў:

— Падумаеш, невідаль якая! Што яна думае, што яе сем франкаў скарб, ці што?

І ён напісаў ёй, што хоча атрымоўваць дванаццаць. Маці, якую ён запэўніў, што дачка яе шчаслівая і здаровая, скарылася і пачала высылаць дванаццаць франкаў.

Бываюць натуры, якія не могуць любіць аднаго, каб не ненавідзець другога. Маці Тэнард'е горача любіла сваіх абодвух дзяўчынак і ў той-жа час ненавідзела Казету. Сумна думаць, што ў любові маці могуць быць такія агідныя з'явы. Як ні мала месца занімала Казета, Тэнард'е заўсёды здавалася, што гэтым яна пазбаўляе выгад яе дачок.

Гэтая жанчына, як і шмат да яе падобных, мела пэўны запас ласкі і брыдкіх слоў, якія яна расходвала кожны дзень. Вельмі магчыма, што калі-б у яе не было Казеты, то і тое і другое даставалася-б на долю любімых дачок; цяпер-жа штуршкі і лаянка прыпадалі на долю маленькай выхаванкі. Дочкам даставаліся адны толькі ласкі. Казета не магла зрабіць ніводнага руху без таго, каб град пакаранняў, больш-менш жорсткіх, не пасыпаўся на яе галаву. Беднае маленькае стварэнне, якое не мела разумення ні аб чым, увесь час цярпела пабоі, папрокі, лаянку і ў той-жа час бачыла, як поруч такія-ж самыя малюткі, як і яна, былі атулены любоўю і ласкамі.

Бачачы, што маці дрэнна абыходзілася з Казетай, Эпаніна і Азельма рабілі тое-ж самае. Дзеці ў гэтым узросце ва ўсім капіруюць маці.

Мінуў год, потым два. У вёсцы гаварылі:

— Якія добрыя гэтыя Тэнард'е! Яны-ж небагатыя, а ўтрымоўваюць, аднак, пакінутае ім дзіця.

Усе думалі, што Казета была пакінута сваёю маці.

Між тым, Тэнард'е, невядома якім чынам даведаўшыся, што дзіця незаконнае, і таму маці не можа мець яго пры сабе, запатрабаваў пятнаццаць франкаў у месяц, кажучы, што дзеўка цяпер вырасла і есць за дваіх; у праціўным выпадку ён пагражаў адправіць яе да маці. Маці, спалохаўшыся пагроз, пачала плаціць пятнаццаць франкаў.

З кожным годам дзіця расло. З ім разам раслі і яго няшчасці.

Пакуль Казета была малая, яе мучылі двое іншых дзяцей. Але як толькі яна пачала падрастаць, хоць ёй яшчэ не было пяці год, яна зрабілася служанкай усяго дома.

Пяці год, скажуць, — ды гэтага быць не можа! Але гэта праўда!

Казета абавязана была месці пакоі, двор, вуліцу перад