Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/72

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

цемры, ідуць у жыцці не наперад, а назад, для якіх вопыт служыць толькі на пагаршэнне і якія безупынна тонуць усё глыбей і глыбей у зле. Гэтая пара мела іменна такія душы.

Тэнард'е-муж прадставіў-бы сабой асаблівую цяжкасць для фізіянаміста. На некаторых людзей даволі толькі раз зірнуць, каб пранікнуцца недавер'ем да іх, нібы адразу бачыш, што ўся істота ў іх прасякнута змрокам.

Мінулае іх было падазронае, будучае — няпэўнае. У іх захавана штосьці невядомае. Нельга паручыцца ні за тое, што яны зрабілі, ні за тое, што яны зробяць. Іх выдае панурасць позірку. У кожным руху, у гуку голаса ўгадваюцца сумныя таямніцы мінулага і страшныя выпадковасці будучага.

Гэты Тэнард'е, калі можна верыць яго ўласным словам, быў салдатам, — сержантам, як ён гаварыў. У 1815 годзе ён прымаў удзел у паходзе і нават, як упэўніваў сам, меў заслугі на вайне. Колькі ў гэтым было праўды, убачым пасля. Шыльда над дзвярыма яго шынка ілюстравала яго адважнасць. Ён сам намаляваў яе. Наогул ён умеў рабіць усё па крыху і ўсё рабіў дрэнна.

Пані Тэнард'е з маладосці начыталася розных раманаў, і, пакуль была маладая, гэтага роду начытанасць адрознівала яе ад мужа, грубага нягодніка. Але з гадамі яна ператварылася ў тоўстую, злую бабу, і ад усіх прачытаных ёю пошлых раманаў толькі і асталося, што дочкам сваім яна дала імёны гераінь, аб якіх марыла. Адна называлася Эпанінай, другая — Азельмай.

Каб мець поспех, недастаткова быць злым. Справы шынка ішлі дрэнна.

Дзякуючы пяцідзесяці сямі франкам незнаёмай Тэнард'е мог заплаціць па векселю. На другі месяц зноў спатрэбіліся грошы; жонка адправілася ў Парыж і залажыла пасаг Казеты за шэсцьдзесят франкаў. Ях толькі гэтыя грошы былі страчаны, Тэнард'е пачалі глядзець на дзяўчынку так, нібы яна жыве ў іх з літасці, і абыходзіліся з ёй адпаведна гэтаму. Паколькі ў яе не было больш сваіх уласных сукеначак, то яе пачалі адзяваць у абноскі маленькіх Тэнард'е, г. зн. у лахманы. Кармілі яе аб'едкамі са стала, крыху лепей за сабаку і горш за ката. Але сабака і кот заўсёды былі яе сутрапезнікамі; Казета ела разам з імі пад сталом, у такой-жа драўлянай місцы, як і яны.

Маці, якая, як убачым пасля, дастала работу ў М., пісала кожны месяц, дапытваючыся, як жыве яе дзіця. Тэнард'е адказвалі заўсёды адно і тое-ж: Казета квітнее.

Праз шэсць месяцаў маці прыслала сем франкаў, якія