Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/64

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Бедны конік! — уздыхнула Фантына.

— Ты, здаецца, гатова плакаць па ім, — заўважыла Далія. — Хіба можна быць дурней за цябе?

У гэтую хвіліну Фавурыт, скрыжаваўшы рукі і схіліўшы на бок галаву, сказала Таламіесу:

— Ну, калі-ж, нарэшце, сюрпрыз?

— Вось зараз. Час як раз настаў, — адказваў той. — Паны, настаў час пацешыць нашых дам. Паненкі, пачакайце нас з хвілінку.

— Сюрпрыз пачынаецца з пацалунка, — сказаў Блашвель.

— У лоб, — дадаў Таламіес.

Кожны з маладых людзей пацалаваў у лоб сваю каханую. Потым яны адзін за адным накіраваліся да дзвярэй, прыклаўшы пальцы да губ.

Як толькі яны схаваліся, Фавурыт запляскала ў ладкі.

— Як гэта весела! — ускрыкнула яна.

— Не будзьце там доўга, — закрычала ім Фантына: — мы вас чакаем!

Астаўшыся адны, маладыя дзяўчаты папарна змясціліся ля вокнаў, па-ранейшаму шчабечучы між сабой.

Яны бачылі, як маладыя людзі вышлі з шынка пад руку і, абярнуўшыся смеючыся, паслалі ім яшчэ раз прывітанне. Потым яны зніклі ў натоўпе гуляючых.

— Што яны нам прынясуць? — сказала Зефіна.

— Напэўна, што-небудзь добрае, — заўважыла Далія.

— Я хацела-б каб гэта было залатое, — дадала Фавурыт.

Хутка ўвагу іх прыцягнуў рух безлічы лодак і натоўпу гуляючых на наберажнай. У той час усе паштовыя карэты праходзілі праз Пасі. Амаль кожныя пяць хвілін цяжкія каламыгі, пафарбаваныя ў чорныя з жоўтым, з цэлай кучай багажу на версе, цяжка грукаючы, праязджалі па бруку, хаваючыся ў воблаках пылу. Адна з такіх карэт, маладыя дзяўчаты гэта бачылі, спынілася ля групы дрэў, якія часткова схавалі яе, потым праз хвіліну паімчалася ўскач. Гэта здзівіла Фантыну.

— Як гэта дзіўна, — заўважыла яна. — Я думала, што дыліжансы ніколі не спыняюцца, апрача як на станцыях.

Фавурыт паціснула плячыма.

— Гэтая Фантына проста цудоўная. На яе можна хадзіць глядзець проста дзеля цікаўнасці. Самыя простыя рэчы здзіўляюць яе. Вядома, пасажыры, часта загадзя ўмовіўшыся з дыліжансам, назначаюць ім месца, дзе яны павінны прыпыніцца, каб захапіць іх. Гэта заўсёды так робіцца. Ты зусім не ведаеш жыцця, мая мілая.

Прайшло яшчэ некалькі часу. Раптам Фавурыт зрабіла жэст, нібы толькі што прачнулася.