Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/63

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Мы сказалі ўжо, што яна была ўвасобленая радасць; дададзім яшчэ, што яна была таксама ўвасобленая скромнасць. Яна нібы ўвесь час неўразумявала. Твар яе ў хвіліну спакою выражаў нявінную чыстату; хвілінамі ў ім заўважалася нават суровасць. Нічога не было больш дзіўнага, як гэтая раптоўная строгасць, якая адразу змяняла вясёлы выраз твару.

Увесь гэты дзень быў ясны, як ранішні золак. Уся прырода, здавалася, лікавала. Кветкі дыхалі араматам, ветрык злёгку шалясцеў лісцем дрэў; галінкі мякка калыхаліся. Цэлыя раі матылькоў насіліся ў празрыстым паветры. Птушкі аглушалі сваім чырыканнем.

Чатыры вясёлыя пары змяшаліся з сонечным святлом, з зялёнай травой луга, з кветкамі, з дрэвамі і адчувалі асалоду, як і ўсё навокал іх.

Пасля снедання паехалі катацца на аслах. Потым гушкаліся на качэлях, прычым Фантына адмовілася ад гэтай забавы. Праз Сену пераплылі на лодцы, прайшлі да Пасі і каля паловы пятай гадзіны вечара апынуліся ля маленькага шынка Бамбарда, дзе спыніліся абедаць.

— Патрабую сюрпрыза! — закрычала Фавурыт. — Абавязкова жадаем сюрпрыза!

— Цярпенне, майце цярпенне, — адказваў Таламіес.

Усе былі на нагах з пяці гадзін раніцы, але ніхто і не думаў пра стомленасць. Фавурыт гаварыла, што стомленасць па нядзелях таксама адпачывае і ні да каго не прыходзіць.

У шынку яны занялі вялікі непрыгожы пакой з двума вокнамі, якія выходзілі на раку. Яркае жнівеньскае сонца біла ў вокны і асвятляла стол, за якім сядзелі маладыя людзі і з апетытам знішчалі расстаўленыя перад імі стравы.

Сонца ўжо заходзіла, калі заканчваўся абед. Усе гаварылі разам, таму ніхто нікога не чуў, і шум у пакоі стаяў страшэнны. Маладыя людзі распачалі бясконцую спрэчку, самі не ведаючы пра што, прычым Таламіес, узняўшы голас, прымусіў усіх змоўкнуць і выслухаць цэлую вялізную прамову аб каханні і жанчынах. Здавалася, не было канца яго прамове, але раптам нечаканы выпадак спыніў яго. На наберажнай упаў конь. Гэта адразу асадзіла прамоўцу. Стары, змардаваны конь цягнуў цяжка нагружаны воз і, даехаўшы да шынка Бамбарда, спыніўся. Гэта сабрала натоўп зявак. Дарэмна рамізнік энергічна лаяўся і старанна сцёбаў каня пугай: кляча не рухалася і павалілася нарэшце на зямлю, каб больш ужо не падымацца. На шум, які ўзняўся на вуліцы, вясёлыя суразмоўнікі Таламіеса падбеглі да акна, забыўшы на хвіліну і прамоўцу, і яго прамову.