Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/60

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

тварах захаваліся яшчэ сляды працоўнага жыцця, і ў вачах блішчэў прамень сумленнасці. Тры з іх, аднак, былі больш спрактыкаваныя ў каханні; чацвертая-ж Фантына, кахала першым каханнем.

Маладыя людзі былі таварышы, маладыя дзяўчаты — прыяцелькі.

Фантына была адною з тых істот, якія вырастаюць на народнай глебе. Вышаўшы з самай глыбіні непранікальнай грамадскай цемры, яна насіла на сваім чале пячатку таямніцы і невядомасці. Яна нарадзілася ў М. Хто былі яе бацькі? Хто-б мог растлумачыць гэта? Ніхто ніколі не ведаў ні яе бацьку, ні маці. Яна звала сябе Фантынай. Чаму Фантынай? Ніхто не называў яе іначай. Яна нарадзілася яшчэ ў эпоху Дырэкторыі[1]. Не было прозвішчаў — яна яго не мела; не было імёнаў, якія давалі пры хрышчэнні, — яе не хрысцілі. Яна называлася імем, якое было дано ёй, напэўна, першым сустрэчным, хто ўбачыў яе на вуліцы басаногай дзяўчынкай. Яе звалі маленькай Фантынай. Ніхто нічога не ведаў больш. Так уступіла ў жыццё гэтая маленькая істота.

Дзесяці год Фантына пакінула горад і паступіла служанкай на ферму, якая знаходзілася на аколіцы. Пятнаццаці год яна прыбыла ў Парыж „шукаць шчасця“. Фантына была вельмі прыгожая і аставалася нявіннай так доўга, як магла. Гэта была чароўная бландынка з цудоўнымі зубамі. Пасаг яе складаўся з золата і жэмчуга, але яе золата было на галаве, а жэмчуг у роце.

Яна працавала, каб жыць. Потым, таксама каб жыць, паколькі сэрца таксама адчувае голад, яна пакахала.

Яна пакахала Таламіеса.

Для яго каханне гэтае было забавай, для яе — жыццём. Доўга працівілася яна гэтай страсці, але ўрэшце бедная дзяўчынка была пераможана.

Чатыры таварышы складалі групу, галавою якой быў Таламіес. Ён быў разумнейшы за ўсіх.

Таламіес належаў да студэнтаў старога тыпу. Ён быў багаты і меў чатыры тысячы франкаў у год — сума, вялізная для студэнта. У трыццаць год гэта быў стараваты на выгляд куціла, у маршчынах, бяззубы, з зачаткам лысіны на галаве. Але па меры таго, як мінала маладосць, весялосць яго ўсё

  1. Дырэкторыя — перыяд у гісторыі Францыі (1795 — 1799 гг.), калі пасля перавароту, зробленага французскай контррэволюцыяй, улада перайшла ў рукі пяці дырэктароў. Дырэкторыя была звергнута Напалеонам, які ўстанавіў уладу консулаў. Першым консулам быў сам Напалеон Банапарт, які аб'явіў сябе ў 1802 годзе пажыццёвым консулам. У 1804 годзе Напалеон прыняў тытул імператара Францыі.