Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Пакоі размешчаны так, што ў іх вельмі цяжка ачысціць паветра.

— Мне таксама гэта здаецца.

— І да таго-ж сад вельмі малы.

— Я гэта заўважыў.

— А ў час эпідэмій — у гэтым годзе ў нас быў тыф — хворых набіраецца часамі чалавек сто, і мы проста не ведаем, што рабіць.

— Мне гэта таксама прыходзіла на думку.

— Але што рабіць, ваша святасць, — сказаў дырэктар, — прыходзіцца з гэтым мірыцца.

Гутарка гэтая адбывалася ў вялікай сталовай залі, якая выходзіла ў сад.

Епіскап памаўчаў з хвіліну, потым, хутка абярнуўшыся да начальніка бальніцы, сказаў:

— А як вы думаеце, міласцівы гасудар, колькі ложкаў магло змясціцца ў гэтым зале?

— У сталовай вашай святасці? — ускрыкнуў дырэктар са здзіўленнем.

Епіскап абвёў вачыма пакой, нібы разлічваючы і мяркуючы.

— Тут свабодна змесціцца дваццаць ложкаў, — сказаў ён нібы пра сябе, потым дадаў: — Слухайце, што я вам скажу, пан дырэктар. Тут, відавочна, здарылася непаразуменне. Вас дваццаць шэсць чалавек у пяці або шасці маленькіх пакоіках; нас-жа ўсяго трое ў памяшканні на шэсцьдзесят чалавек. Кажу вам, што тут — непаразуменне. Вы зоймеце маю кватэру, а я — вашу. Вярніце мне мой дом; вазьміце сабе свой.

На другі-ж дзень хворых перамясцілі ў епіскапскі палац, а епіскап перасяліўся ў шпіталь.

Пан Мірыель не меў багаццяў, сям‘ю яго разарыла рэволюцыя. Сястра яго атрымлівала пажыццёвую рэнту ў пяцьсот франкаў, дастатковую для яе асабістых расходаў.

Як епіскап, пан Мірыель атрымліваў пэнсію ад дзяржавы ў размеры пятнаццаці тысяч франкаў[1]. Пасяліўшыся ў былым шпіталі, пан Мірыель раз назаўсёды размеркаваў сваю пэнсію такім чынам, што на яго асабістыя патрэбы аставалася роўна адна пятнаццатая частка ўсяго, што яму належала. Ён расходваў тысячу франкаў, а чатырнаццаць тысяч аддаваў на грамадскія справы.

  1. Франк — французская манета і лічыльная адзінка: мае зварот з 1575 г. Перавод франка на рублі вагаўся на працягу гісторыі. Перад вайной 1914 года залаты франк раўняўся 37,5 зал. кап. Старадаўнія манеты — так званыя луідоры — мелі зварот па цане 24 франкаў 15 сантымаў. Сантым — адна сотая частка франка. У франку 20 су. Кожнае су раўняецца, такім чынам, 5 сантымам.