Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/536

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Разам з тым ён лічыў сваім абавязкам вытлумачыць, калі можна, крыніцу багацця Казеты. Здавалася, выпадаў на гэта зручны выпадак. Мабыць, Тэнард’е ведаў тое-сёе. Ён сказаў яму:

— Тэнард’е, я назваў ваша імя. Цяпер ці хочаце, каб я сказаў вам таямніцу, якую вы хацелі мне паведаміць? Вы ўбачыце, што я ведаю гэта яшчэ раней за вас. Жан Вальжан, як вы сказалі, — забойца і злодзей. Злодзей, таму што ён абакраў багатага фабрыканта, якога ён разарыў, пана Мадлена; забойца, таму што ён забіў паліцэйскага агента Жавера.

— Нічога не разумею, пан барон, — сказаў Тэнард’е.

— Пастараюся вам вытлумачыць. Слухайце! У адной з акруг Па-дэ-Кале каля 1829 года нехта, па імю Мадлен, адкрыў фабрыку шклярусу і гэтым узбагаціў усю краіну. Ён набыў таксама і сабе вялікае багацце. Ён быў бацькам і дабрадзеем усіх беднякоў, пабудаваў шпіталі, школы, даваў пасаг бедным дзяўчатам, падтрымліваў удоў і сірот і быў нібы апекуном усёй краіны. Ён адмовіўся ад ордэна, і яго абралі мэрам. Адзін вызвалены катаржнік ведаў таямніцу нейкага злачынства гэтага чалавека, данёс на яго, і яго арыштавалі. Сам-жа скарыстаў гэта і, з’явіўшыся ў Парыж пад фальшывым імем, паспеў узяць з банкірскага дома Лафіт, мне гэта гаварыў сам касір, усе грошы пана Мадлена — каля поўмільёна франкаў. Гэты катаржнік, які абакраў пана Мадлена, і ёсць Жан Вальжан. Што-ж датычыць забойства, то вам таксама няма чаго паведаміць мне пра яго. Жан Вальжан забіў агента Жавера. Ён застрэліў яго з пісталета. Я амаль прысутнічаў пры гэтым.

Тэнард’е зірнуў на Марыуса з выглядам перавагі і перамогі і сказаў толькі:

— Пан барон, вы глыбока памыляецеся.

— Як! — ускрыкнуў Марыус. — Вы адмаўляеце ўсё гэта? Але-ж гэта факты.

— Усё гэта заблуджэнне. Давер’е, якім пан барон узнагарадзіў мяне, абавязвае мяне сказаць вам гэта. Праўда і справядлівасць перш за ўсё! Я не люблю, калі несправядліва абвінавачваюць людзей. Пан барон, Жан Вальжан не абкрадваў пана Мадлена і Жан Вальжан не забіваў Жавера.

— Ну, гэта ўжо занадта! Як-жа так?

— Вельмі проста: па-першае, ён не абкраў Мадлена, таму што ён сам і ёсць Мадлен, а, па-другое, ён не забіваў Жавера, таму што забойца Жавера — сам Жавер.

— Дакажыце, дакажыце! — ускрыкнуў Марыус страшэнна ўхваляваны.

Тэнард’е выхапіў з бакавой кішэні вялізны шэры