Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/535

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— ... д’е.

— Як?

— Тэнард’е.

— Хто гэта?

Пры гэтым незнаёмы рассмяяўся і пачаў змятаць пыл з рукава сурдута.

Марыус казаў далей:

— Вы-ж Жандрэт, вы-ж Фабанту, вы-ж шынкар з Манфермейля. Вы, адным словам, — Тэнард’е.

— Я гэта адмаўляю.

— І ў дадатак вы — нягоднік. Вось вам! — і, выхапіўшы з кішэні банкавы білет, Марыус кінуў яга яму ў твар.

— Дзякую, выбачайце, пяцьсот франкаў, пан барон!

І ён, усхваляваны, кланяўся, мармытаў штосьці, прасіў прабачэння. Потым раптам сказаў:

— Ну, добра, хай будзе так. Не будзем цырымоніцца.

І з хуткасцю малпы адкінуў назад валасы, сарваў акуляры і наклеены нос і зняў ранейшую фізіяномію, як знімаюць капялюш. З’явіўся твар яраснага і хітрага драпежніка.

— Пан барон угадаў, — сказаў ён сваім сапраўдным голасам. — Я Тэнард’е.

І ён выпрастаў спіну. Тэнард’е, таму што гэта быў сапраўды ён, быў незвычайна здзіўлены. Ён-бы засароміўся, калі-б гэта аказалася для яго магчымым. Ён прышоў здзіўляць, і сам быў здзіўлены. За гэтае ўніжэняе яму заплацілі пяцьсот франкаў, і ён пагадзіўся з ім.

Ён у першы раз у жыцці бачыў гэтага барона Панмерсі, які пазнаў яго, не гледзячы на пераапрананне, і пазнаў грунтоўна. Ён ведаў не толькі яго, але і Жана Вальжана. Што-ж гэта за малады чалавек, амаль яшчэ юнак, такі вытрыманы і велікадушны, які ведае імёны машэннікаў і разам з тым адкрывае ім свой кашалёк?

Хоць Тэнард’е і ў халупе Гарбо і жыў па суседству з Марыусам, але ніколі не бачыў яго. Не будучы знаёмы з ім, ён напісаў яму тады пісьмо і пераслаў дачкою. Яму і ў думку не прышло, што пан Марыус і барон Панмерсі — адна і тая-ж асоба.

Марыус сядзеў задумаўшыся. Нарэшце-то ён адшукаў Тэнард’е! Чалавек, якога ён так жадаў знайсці, тут, перад ім. Ён можа, такім чынам, выканаць завет бацькі. Яго абражала, што яго бацька абавязаны чым-небудзь гэтаму машэнніку і што вексель, выданы яму, Марыусу, бацькам з-за магілы, аставаўся да гэтага часу не аплачаным. Як-бы там ні было, ён быў здаволены. Нарэшце, ён вызваліць цень бацькі ад гэтага нявартага крэдытора, і яму здавалася, што ён вырве з даўгавой турмы памяць свайго бацькі.