Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/533

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Незнаёмы, пачуўшы рэзкі тон Марыуса, пакланіўся яму шш яшчэ ніжэй.

— Пан барон, калі ласка, выслухайце мяне. У Амерыцы, каля Панамы, ёсць вёска, якая называецца Джояй. Яна складаецца ўся з аднаго дома, вялізнага, трохпавярховага, прычым адзін паверх ад другога знаходзіцца за дваццаць футаў. У сярэдзіне яго знаходзіцца ўнутраны двор, дзе захоўваюцца ўсе запасы. У доме жыве восемсот чалавек, заўжды гатовых да абароны. Чаму? Таму што вакол краіна поўная антрапафагаў[1]. Навошта-ж пасяліліся там? Таму што там краіна цудаў, там знаходзяць золата.

— Да чаго вы ўсё гэта хіліце? — запытаў Марыус, пераходзячы ад расчаравання да нецярплівасці.

— А вось да чаго, пан барон. Я — стары дыпламат, стомлены службаю. Старая цывілізацыя нагнала мне аскому. Хачу паспрабаваць пажыць сярод дзікуноў.

— Што-ж далей?

— Я хачу пасяліцца ў Джойе. Нас трое: я, жонка і дачка, вельмі прыгожая дзяўчына. Падарожжа будзе каштаваць надзвычайна дорага; значыць, мне патрэбны грошы.

— Якім-жа чынам гэта можа датычыць мяне? — запытаў Марыус.

Незнаёмы выцягнуў шыю — жэст, уласцівы ястрабу, — і, усміхнуўшыся яшчэ шырэй, запытаў:

— Хіба пан барон не прачытаў майго пісьма?

Марыус сапраўды дрэнна зразумеў сэнс напісанага, узіраючыся больш у почырк і паперу, чым унікаючы ў тое, што ў ім гаварылася. Пры словах „жонка і дачка“ ён пранікліва зірнуў на свайго суразмоўніка.

— Растлумачце больш дакладна, — сказаў ён.

Невядомы засунуў абедзве рукі ў кішэні, узняў галаву і не выпростваючы спіны, скоса, поверх акуляраў, пазіраючы на Марыуса, сказаў:

— Калі ласка, пан барон, я вам вытлумачу: у мяне ёсць таямніца, якую я жадаю вам прадаць.

— І гэтая таямніца датычыць мяне?

— Часткова. Я пачну дарэмна. Убачыце, як гэта цікава.

— Гаварыце!

— Пан барон, у вашым доме жыве злодзей і забойца.

Марыус уздрыгануўся.

— У мяне? Няпраўда, — адказваў ён.

Незнаёмы непахісна гаварыў далей:

  1. Антрапафагі — літаральнае значэнне: людаеды; па грэчаскіх сказаннях, адно з плямёнаў, з якімі судакранаўся ў час вандраванняў Одысей. (Гл. Гамер — „Одысея“).