Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/532

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

якое вы мне акажаце, будзе ўзаемна. Я ведаю таямніцу, якая датычыць адной асобы. Асоба-ж гэтая датычыць вас. Таямніцу я вам скажу, бо я жадаю быць вам карысны. Я дам вам магчымасць адправіць з вашай шаноўнай сям’і асобу, якая не мае права быць у вас, таму што пані баранеса знатнага паходжання. Свяцілішча добрадзейнасці не можа больш ужывацца поруч са злачынствам. Чакаю ў пярэдняй вашых загадаў, пан барон.

З павагай Тэнар“.

Подпіс не быў фальшывы, а толькі некалькі скарочаны. Сумненняў ніякіх не было.

Хваляванне Марыуса было надзвычайнае. Пасля першага здзіўлення ён адчуў вялікую радасць. Цяпер аставалася толькі знайсці таго, хто выратаваў яго, Марыуса, і яму не астанецца нічога больш жадаць.

Ён высунуў шуфляду стала, выняў некалькі білетаў і засунуў іх у кішэню. Потым пазваніў і загадаў увесці прышоўшага.

— Пан Тэнар, — даклаў слуга.

Чалавек увайшоў, і Марыус зноў быў здзіўлены. Асоба, якая стаяла перад ім, была яму зусім незнаёмая.

Гэта быў стары з тоўстым носам і падбародкам, які напалову схаваўся ў гальштук. На вочы надзеты былі зялёныя цёмныя акуляры з зялёным-жа шаўковым казырком. Валасы сівыя. Апрануты ён быў у чорнае з галавы да ног; пацёртае і старое, хоць і акуратнае адзенне яго было, відавочна, з чужога пляча, таму што ўсё было надта шырокае і даўгое. У руках ён трымаў стары капялюш і ішоў, некалькі згорбіўшыся, што рабіла паклон яшчэ ніжэйшым.

Марыус пад уплывам ашуканага чакання акінуў незнаёмага непрыязным позіркам і запытаў адрывіста:

— Што вам трэба?

Госць адказваў, любезна выскаліўшыся, нагадваючы кракадзіла, які ўсміхаецца:

— Здаецца, я меў гонар сустракаць ужо пана барона ў свеце. Ці не бывалі вы некалькі год таму назад у княгіні Багратыён і ў віконта Данбры?

Гэта тактыка ўсіх машэннікаў: рабіць выгляд, што пазнаеш чалавека, якога бачыш у першы раз у жыцці.

Марыус, які ўважліва прыслухоўваўся да гаворкі гэтага чалавека, расчароўваўся ўсё больш і больш. Голас быў зусім незнаёмы.

— Я незнаёмы з гэтымі асобамі, — адказаў ён рэзка. — Што вам ад мяне патрэбна?