Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/530

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Вы нічога не ясце, — сказала яна, — гэта нядобра.

— Я не галодны. Я затое многа п’ю.

— Дык у вас, значыць, ліхарадка, і вы хворы.

Жан Вальжан узяў старую за руку і сказаў: — абяцаю, вам заўтра паесці.

— Я вамі нездаволена, — адказала жанчына.

У той-жа дзень увечары яна спаткала на вуліцы мясцовага доктара і папрасіла яго зайсці паглядзець хворага.

Урач выканаў яе просьбу і, вышаўшы ад Жана Вальжана, сказаў:

— Гэты чалавек вельмі хворы і перанёс, напэўна, страшэннае душэўнае ўзрушэнне. Я наўрад ці магу дапамагчы ў гэтым выпадку лякарствамі.

Увечары Жан Вальжан з намаганнем прыўзняўся з пасцелі. Дыханне яго было перарывістае, пульса амаль не было, і ён адчуў, што такі слабы, як яшчэ ніколі не быў. Тады пад уплывам, пэўна, нейкай асаблівай турботы, ён устаў і пачаў апранацца. Потым адчыніў скрыначку, выняў дзіцячую сукеначку Казеты і расклаў яе на ложку. Потым, падышоўшы да сярэбраных падсвечнікаў, што стаялі заўсёды на каміне, уставіў свечкі, запаліў іх, хоць яшчэ было зусім светла, і паставіў на стол каля сябе. Так часам сярод белага дня гараць свечкі ў пакоі, дзе ляжыць нябожчык.

Усякі рух бясконца стамляў яго, і ён часта вымушаны быў адпачываць. Гэта была не звычайная стомленасць, пасля якой сілы вяртаюцца зноў, гэта былі апошнія кроплі адыходзячага жыцця.

Выпадкова ён апынуўся супроць люстэрка і спалохаўся, убачыўшы сябе ў ім. Здавалася, яму было па меншай меры восемдзесят год. Да вяселля Казеты яму на выгляд ледзь можна было даць пяцьдзесат.

Апошні год састарыў яго на трыццаць год. Шчокі абвіслі, колер твара нагадваў зямлю, куткі губ апусціліся. Ён глядзеў у пустэчу з дакорам і быў падобны да адной з вялікіх трагічных істот, якія маюць права скардзіцца на жыццё.

Сцямнела. З цяжкасцю прысунуў ён да каміна стол і крэсла, узяўся за пяро і пачаў пісаць. Рука яго дрыжэла і ледзь трымала пяро, якое здавалася яму страшным цяжарам. Ён паволі вывеў некалькі радкоў:

„Казета, благаслаўляю цябе. Я табе зараз вытлумачу. Твой муж добра зрабіў, што аддаліў мяне, і, хоць ён некалькі памыляецца ва ўсім гэтым, ён правы. Ён цудоўны. Кахай яго заўсёды. Пан Панмерсі, кахайце заўсёды маё дара-