Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/529

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

LIII

НЕКАЛЬКІ КРОКАЎ НАЗАД

Жахлівая рэч быць шчаслівым. Як задавольваюцца гэтым людзі! Як, уладаючы ілжываю мэтаю ў жыцці — шчасцем, лёгка забываюць сапраўдную мэту — абавязак!

Скажам, аднак, што нельга строга абвінавачваць Марыуса. Марыус, як вядома, да жаніцьбы не распытваў ні пра што ў пана Фашлевана, а потым баяўся задаваць пытанні Жану Вальжану. Ён пашкадаваў, што даў Жану Вальжану дазвол сустракацца з Казетай і мала-па-малу зрабіў так, што спатканні гэтыя зусім спыніліся. Не ведаючы крыніцы паходжання шасцісот тысяч франкаў, ён лічыў сябе абавязаным вярнуць іх камусьці і таму не карыстаўся імі.

Казета цалкам падпарадкоўвалася волі Марыуса і слепа яго слухалася. Што-ж датычыць Жана Вальжана, то абыякавасць яе да яго была толькі знадворная, і яна, як і раней, любіла таго, каго так доўга называла бацькам. Часта яна заводзіла аб ім гутарку з Марыусам; тады муж заспакойваў яе, гаворачы, што ён, напэўна, выехаў у адно з сваіх звычайных падарожжаў. Два ці тры разы Казета пасылала служанку даведацца, ці вярнуўся ён. Але Жан Вальжан загадаў дворнічысе заўсёды адказваць, што не. Казета мала-па-малу адвыкла ад яго.

Між іншым, тое, што часам называюць няўдзячнасцю дзяцей, не заўсёды заслугоўвае ганьбавання. Гэта няўдзячнасць прыроды. Прырода глядзіць наперад. Яна падзяляе жывыя істоты на прыходзячых і адыходзячых. Адыходзячыя звернуты да цемры, прыходзячыя — да святла. Адсюль робіцца аддаленне, ракавое з боку старых, мімавольнае з боку маладых. Аддаленне гэтае, спачатку неадчувальнае, паступова ўзмацняецца, як раздзяленне галін. Галіны, аддзяляючыся ад ствала, аддаляюцца ад яго. У гэтым яны не вінаваты. Юнацтва ідзе да радасці, да весялосці, да жыцця і кахання. Старасць ідзе ў нябыт. Яшчэ яны не трацяць з віду адзін аднаго, але няма ўжо судакранання. Маладыя людзі адчуваюць холад жыцця, а старыя адчуваюць холад магілы. Не будзем абвінавачваць гэтых бедных дзяцей.

Аднойчы Жан Вальжан вышаў на вуліцу і сеў на лаўку перад домам, дзе ноччу на 6 чэрвеня яго застаў Гаўрош. Ён прасядзеў некалькі хвілін і вярнуўся ў пакой. На другі дзень ён не выходзіў, а на трэці злёг у пасцель.

Дворнічыха, якая вяла яго бедную гаспадарку і гатавала яму абед, убачыла, што ён ужо два дні запар пакідае абед некранутым.