Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/528

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Казета паціснула плячыма.

— Да пабачэння, — сказаў Жан Вальжан.

І ён вышаў засмучоны. На гэты раз ён зразумеў. На другі дзень ён зусім не з’явіўся. Казета заўважыла гэта толькі позна ўвечары.

— Як дзіўна, — сказала яна, — пан Жан сёння і не прыходзіў.

Сэрца яе злёгку сціснулася, але яна ледзь звярнула на гэта ўвагу, супакоеная пацалункамі Марыуса. На другі дзень ён зноў не прышоў.

Казета зноў не надала гэтаму значэння і правяла дзень і ноч зусім спакойна. Раніцою яна паслала служанку даведацца, ці здароў пан Жан і чаму ён не быў учора. Служанка вярнулася з адказам, што пан Жан здаровы, але ён вельмі заняты і хутка прыдзе. Ён павінен паехаць у невялікае падарожжа; пані ведае, што ён мае звычай рабіць гэта часта. Няхай яна не турбуецца і не думае аб ім.

Служанка, перадаючы словы сваёй пані, запытала, чаму пан Жан не быў учора.

— Я ўжо два дні не быў, — ціха заўважыў Жан Вальжан.

Але гэтая заўвага ледзь кранулася слуху пакаёўкі, і яна не перадала яе нават сваёй пані.

У канцы вясны і ў пачатку лета 1833 года прахожыя квартала Марэ заўважалі кожны дзень акуратна апранутага ў чорнае адзенне старога, які ў пэўныя гадзіны, як толькі пачынаўся змрок, выходзіў з вуліцы Ом Армэ і накіроўваўся на вуліцу Філь дзю Кальвер. Тут на рагу ён спыняўся і з позіркам, які свяціўся радасцю, і ціха варушачы губамі, нібы з кімсьці размаўляючы, паволі рухаўся наперад, быццам баючыся падыйсці да вызначанай мэты.

Дайшоўшы да апошняга дома, ён са слязмі на вачах глядзеў уздоўж вуліцы, аставаўся нерухомы некалькі хвілін, потым тым-жа крокам вяртаўся дадому. Па меры аддалення позірк яго згасаў.

Мала-па-малу ён перастаў даходзіць да рога вуліцы Філь дзю Кальвер. Ён спыняўся на поўдарозе, то бліжэй, то далей, і здалёк глядзеў уздоўж Філь дзю Кальвер. Кожны дзень ён, магчыма несвядома, скарачаў свой шлях, і ўвесь твар яго выражаў адну толькі думку: навошта? Зрэнкі згаслі, слёзы зніклі, задуменныя вочы былі сухія. Галава старога была заўсёды выцягнута наперад, падбародак часам варушыўся, маршчыны яго хударлявай шыі выклікалі жаласць. Часам, калі ішоў дождж, ён трымаў у руках парасон, які не распускаў. Кумушкі квартала гаварылі: „Гэта блажэнны“.

Дзеці бегалі за ім з смехам і кпінамі.