Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/526

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Я гэтага не люблю. Сапраўды, калі-б вы не былі такі добры, я-б вас баялася.

Ён, як і раней, жыў на вуліцы Ом Армэ, не маючы сіл пакінуць месца, дзе жыла Казета.

Спачатку ён аставаўся з Казетай усяго некалькі хвілін і потым выходзіў.

Але мала-па-малу візіты яго рабіліся ўсё даўжэйшыя. Ён прыходзіў раней і выходзіў пазней.

Аднойчы Казета памылілася і назвала яго бацькам. Маланка асвятліла стары, суровы твар Жана Вальжана. Ён яе паправіў:

— Скажыце — „Жан“.

— А, так, праўда, — адказала яна, гучна рассмяяўшыся: — пан Жан!

— Вось так, — сказаў ён і адвярнуўся, каб яна не заўважыла, што ён выцірае набегшыя слёзы.

Гэта было ў апошні раз. Пасля гэтага настала поўнае забыццё ранейшай блізкасці. Ён спачатку страціў Казету адразу, потым паступова траціў яе па частках. Аднойчы ён прышоў і не знайшоў яе дома. Быў пачатак красавіка. Казета і Марыус адправіліся на вуліцу Плюме, у той сад, дзе ўпершыню заквітнела іх шчасце. Жан Вальжан прачакаў цэлы вечар і пайшоў, не дачакаўшыся яе. Казета была ў такім захапленні ад сваёй прагулкі, што на другі дзень пры спатканні з Жанам Вальжанам толькі аб ёй і гаварыла. Яна не ўспамінала нават, што напярэдадні не бачылася з ім.

З некаторага часу Жан Вальжан заўважыў, што маладая пара вяла вельмі скромнае жыццё. Гэта засмучала яго. Марыус быў вельмі эканомны, што мела асобны сэнс у вачах Жана Вальжана. Ён адважыўся запытаць:

— Чаму вы не трымаеце экіпажа? Гэта не павінна дорага каштаваць, а вы-ж багаты.

— Не ведаю, — адказала Казета.

— У вас адна толькі прыслуга?

— Адна, нам больш не патрэбна.

Наведванні Жана Вальжана рабіліся ўсё даўжэйшыя. Часта здаралася, што лакей прыходзіў і дакладваў:

— Пан Жыльнарман прыслалі напомніць пані, што есці падана.

У гэтыя дні Жан Вальжан адыходзіў у глыбокай задуменнасці.

Аднойчы ён астаўся яшчэ пазней, чым звычайна. На другі дзень ён заўважыў, што ў каміне няма агню.

„Няма агню, — падумаў ён і сам вытлумачыў сабе гэтую акалічнасць: — вельмі проста, цяпер красавік месяц і цёпла“.