Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/525

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

пабляднеў. З хвіліну ён памаўчаў, потым з невыказнай тугою прамармытаў пра сябе:

— Яе шчасце было мэтаю майго жыцця. Цяпер гасподзь можа адпусціць мяне. Казета, ты шчаслівая, мая пара мінула.

— А, вы сказалі мне „ты“! — ускрыкнула Казета і кінулася яму на шыю.

Жан Вальжан горача прытуліў яе да грудзей. Яму амаль здавалася, што ён зноў аўладаў ёю.

— Дзякую, бацька, — сказала Казета.

Адчуванне рабілася надта хваравітым для Жана Вальжана. Ён асцярожна выпусціў Казету з абдымкаў і ўзяўся за капялюш.

— Ну, што-ж? — запытала Казета.

— Я іду, сударыня, вас чакаюць.

На парозе, ля выхаду, ён абярнуўся і дадаў:

— Я сказаў вам „ты“. Перадайце вашаму мужу, што гэтага болыш не здарыцца. Выбачайце!

І ён вышаў, пакінуўшы Казету ў неўразуменні перад гэтым загадкавым развітаннем.

У наступныя дні Жан Вальжан з’яўляўся ў тыя-ж самыя гадзіны. Казета больш не распытвала, не здзіўлялася, не скардзілася на няўтульнасць пакоя і ўнікала называць яго бацькам або панам Жанам. Яна дазваляла яму гаварыць ёй „вы“ і „сударыня“, але весялосць яе крыху зменшылася.

Вельмі магчыма, што яна гаварыла па гэтаму поваду з Марыусам, але той, напэўна, сумеў яе супакоіць.

Пакой некалькі прыбралі, вынеслі парожнія бутэлькі, змялі павуціну і пыл.

Жан Вальжан з’яўляўся кожны дзень, разумеючы ў літаральным сэнсе дазвол Марыуса. Марыус у гэтыя гадзіны заўсёды стараўся выходзіць з дома. Усе прывыклі да дзівацтваў пана Фашлевана і перасталі звяртаць увагу на яго незвычайныя візіты. Ніхто і не здагадваўся аб іх трагічнай падкладцы.

Так прайшло некалькі тыдняў. Казета мала-па-малу ўвайшла ў новае жыццё і была бясконца шчаслівая. Усе былі здаровыя і ласкавыя. Жан Вальжан прыходзіў кожны дзень. Намаганні яго аддаліць яе ад сябе ўдаваліся. Яна рабілася ўсё больш вясёлая і менш пяшчотная. Аднак, яна яго вельмі любіла, і ён ведаў гэта. Аднойчы яна сказала яму:

— Вы былі маім бацькам, цяпер вы мне не бацька, былі дзядзькам, цяпер вы мне не дзядзька, былі панам Фашлеванам, зрабіліся панам Жанам. Хто-ж вы, нарэшце?