Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/524

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

хочаце жыць з намі? І ведаць не хочаце пакоя, што я вам падрыхтавала? Што-ж я вам зрабіла? Што я вам зрабіла? Што здарылася?

— Нічога.

— Але што-ж?

— Усё, як заўсёды.

— Чаму вы перамянілі імя?

— А вы-ж перамянілі сваё, — і, усміхнуўшыся, дадаў: — Калі вы пані Панмерсі, я магу быць панам Жанам.

— Нічога не разумею. Як усё гэта неразумна! Папрашу ў свайго мужа дазволу на тое, каб вы зрабіліся панам Жанам. Спадзяюся, ён не згодзіцца на гэта. Вы мяне вельмі крыўдзіце. Могуць быць дзівацтвы, але навошта-ж прыносіць гора маленькай Казеце? Гэта дрэнна. Вы не маеце права быць злым, калі вы такі добры.

Ён нічога не адказаў. Яна ўзяла яго за абедзве рукі і паднесла іх да свайго твара, прытуліўшыся да іх падбародкам з глыбокай пяшчотнасцю.

— О, будзьце добрым! — сказала яна. — Вось што я называю быць добрым. Быць разумным, пераехаць да нас жыць, пакінуць гэтую яму на вуліцы Ом Армэ і не задаваць загадак. Быць, як усе, абедаць з намі, снедаць з намі і быць маім бацькам.

Ён вызваліў рукі і сказаў:

— Вам бацька цяпер не патрэбны, у вас ёсць муж.

Казета абурылася.

— Бацька непатрэбны? — ускрыкнула яна. — У гэтым-жа, што вы гаворыце, няма ні кроплі здаровага сэнсу! Ух, агідны мядзведзь!

І яна дунула ў твар Жану Вальжану з невыказнай чароўнасцю.

— Я проста сама не свая ад злосці, — казала яна далей. — Вы ўсе злуеце мяне з учарашняга дня. Я нічога не разумею. Вы не абараняеце мяне супроць Марыуса, Марыус не падтрымлівае мяне супроць вас, і я зусім адна. Я падрыхтавала пакой — яго і ведаць не хочуць. Я заказваю смачны абед — ад яго адварочваюцца. А бацька мой Фашлеван патрабуе, каб я звала яго панам Жанам і прымала яго ў гэтым агідным, вільготным склепе, дзе замест хрусталю валяюцца парожнія бутэлькі, а замест фіранак — густая павуціна. Вам-бы належала хоць часова адмовіцца ад сваіх дзівацтваў. Вы хіба злуецеся на мяне за тое, што я шчаслівая?

Наіўнасць часам уражае вельмі трапна. Гэтае простае для Казеты пытанне глыбока закранула Жана Вальжана. Казета хацела абдрапаць, але яна мучыла. Жан Вальжан