Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/523

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ён амаль упаў у крэсла.

Увайшоў лакей, паставіў на камін запаленую свечку і вышаў. Жан Вальжан, з схіленай на грудзі галавою, нічога не заўважыў.

Раптам ён усхапіўся. Ззаду ў яго стаяла Казета. Ён не ўбачыў, як яна ўвайшла, але ён гэта адчуў. Ён павярнуўся і моўчкі глядзеў на яе. Яна была чароўная. У вачах яе свяцілася яе душа.

— Міла, бацька, няма чаго сказацы! — ускрыкнула яна. — Я заўсёды ведала, што вы дзівак, але ніколі не дапускала, што да такой ступені. Што за фантазія? Марыус сказаў мне, што вы хочаце, каб я прыняла вас тут.

— Так, я гэтага хацеў.

— Я так і ведала. Папераджаю, што я зраблю вам сцэну. Пачнем спачатку. Пацалуйце мяне!

І яна падставіла яму шчаку. Жан Вальжан не варушыўся.

— Вы не рухаецеся з месца. Прымаю да ведама. Доказ вінаватасці. Але ўсёроўна, я вам дарую.

Жан Вальжан быў нерухомы, як і раней. Здавалася, ён прыбіты быў да падлогі.

— Гэта робіцца, аднак, сур’ёзным, — сказала Казета. — Што я вам зрабіла? Абвяшчаю, што я злуюся на вас. Вы павінны прасіць прабачэння. Вы абедаеце з намі?

— Я ўжо абедаў.

— Гэта няпраўда. Я папрашу пана Жыльнармана аблаяць вас. Хадзіце са мной у гасціную, зараз-жа!

— Не магу.

Казета пры гэтым некалькі засаромілася. Яна перастала гаварыць у тоне загадвання і перайшла да пытанняў.

— Але чаму-ж? І навошта для спаткання са мною выбралі самы горшы пакой у доме? Тут-жа брыдка.

— Ведаеш... — Жан Вальжан перарваў сябе. — Вы-ж ведаеце, сударыня, што я дзівак і ў мяне ёсць дзівацтвы.

Казета пляснула рукамі:

— Сударыня... вы ведаеце... Што гэта яшчэ за навіны? Што гэта яшчэ азначае?

Жан Вальжан зірнуў на яе з сумнай усмешкай, якая часта з’яўлялася на яго твары.

— Вы-ж хацелі быць дамай; вы зрабіліся ёю.

— Але не для вас, бацька.

— Не завіце мяне бацькам.

— А як-жа?

— Завіце панам Жанам або Жанам проста, калі хочаце.

— Вы больш не бацька, я больш не Казета! Пан Жан, што ўсё гэта азначае? Гэта-ж рэволюцыя! Што такое здарылася? Паглядзіце-ка мне яроста ў твар. І вы не