Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/522

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

мееце вы мяне, пан Панмерсі, але зусім пайсці цяпер, не бачыць яе больш, не гаварыць з ёю, страціць усё мне будзе вельмі цяжка. Калі вы нічога не знойдзеце ў гэтым дрэннага, то я час ад часу буду прыходзіць да яе. Я не буду прыходзіць часта і не буду аставацца доўга. Вы загадайце прымаць мяне ўнізе. Калі хочаце, я буду з’яўляцца праз чорны ход; але гэта можа выклікаць размовы прыслугі. Лепш я буду прыходзіць, як усе. Сапраўды, мне вельмі-б хацелася бачыць Казету хоць крышку; так часта, як вы толькі дазволіце. Пастаўце сябе на маё месца. Да таго-ж, трэба і тое прыняць пад увагу, што ўсім здасца дзіўным, што я перастаў бываць. Ну, я буду прыходзіць увечары, калі ўжо сцямнее.

— Вы будзеце прыходзіць кожны вечар, — сказаў Марыус. — Казета вас будзе чакаць.

— Вы вельмі добры, судар, — адказваў Жан Вальжан. Марыус пакланіўся яму; шчасце праводзіла да дзвярэй роспач, і яны разлучыліся.

LII

ЗМРОК

На другі дзень на змроку Жан Вальжан пастукаўся ў дзверы дома пана Жыльнармана. Слуга чакаў яго, нібы папярэджаны аб яго прыходзе, і, падышоўшы да яго, запытаў:

— Пан барон даручыў мне запытаць у вас, ці жадаеце вы пайсці наверх ці астаяецеся ўнізе?

— Я астануся ўнізе.

Тады лакей пачціва адчыніў дзверы зала і сказаў:

— Я зараз дакладу пані.

Пакой, куды ўвайшоў Жан Вальжан, быў вільготны і са скляпеннем. Вокны, з кратамі, выходзілі на вуліцу, але давалі мала святла.

Відавочна, пакой рэдка прыбіралі. Пыл ляжаў усюды тоўстым пластом, і павукі шчыльна заткалі ўсе куты сваім прадзівам. З сцен шмат дзе абваліўся тынк, а ў глыбіні стаяў камін, афарбаваны ў чорны колер. Раскладзены ў ім агонь паказваў, што ад Жана Вальжана не чакалі другога адказу, як той, які ён даў. З абодвух бакоў каміна стаялі два крэслы. Паміж іх паклалі стары пацёрты коўрык.

Пакой асвятляўся агнём ад каміна і цьмяным святлом змроку з акна.

Жан Вальжан стаміўся. Ужо некалькі дзён ён не еў і не спаў.