Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/521

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

будзе вытлумачыць усё і сказаць: „Гэта чалавек, які быў на галерах“. О, божа мой!.

Ён апусціўся ў крэсла і затуліў твар рукамі. Па сударгаваму ўздрыгванню плячэй відаць было, што ён плача. Маўклівыя слёзы — жахлівыя слёзы.

Рыданні душылі яго. Ён адкінуўся на спінку крэсла, каб перавесці дух, рукі павіслі ўздоўж цела, і Марыус убачыў твар, змочаны слязмі, і пачуў шэпт, які нібы выходзіў з непраніцальнай глыбіні:

— О, як-бы я жадаў памерці!

— Супакойцеся, — сказаў Марыус, — я не выдам вашу таямніцу.

І, устрывожаны, магчыма, менш, чым-бы належала, паспеўшы на працягу гадзіны асвоіцца з жахлівай нечаканасцю, ён бачыў ужо, як пан Фашлеван мала-па-малу ператвараецца ў яго вачах у катаржніка, прычым натуральная адлегласць паміж іх павялічвалася з кожнай хвілінай.

— Я не магу змаўчаць пра суму, якую вы так добрасумленна і чэсна захавалі, — пачаў ён. — Гэта дзівосны ўчынак. Справядлівасць патрабуе, каб вы атрымалі ўзнагароду. Вызначце самі суму, і яна вам будзе заплачана. Не бойцеся назваць вялікую цыфру.

— Дзякую вам, судар, — адказваў Жан Вальжан лагодна.

Ён на хвіліну задумаўся, потым сказаў:

— Цяпер амаль усё скончана. Мне астаецца яшчэ толькі адно.

— Што такое?

Жан Вальжан адчуў хістанне і бязгучна, амаль баючыся дыхнуць, хутчэй прамармытаў, чым праказаў:

— Цяпер, калі вы ўсё ведаеце, ці думаеце вы, судар, што я не павінен больш бачыць Казету?

— Я думаю, што гэта будзе самае лепшае, — холадна адказваў Марыус.

— Я яе больш не ўбачу, — праказаў Жан Вальжан і паволі накіраваўся да выхаду.

Ён узяўся за ручку дзвярэй і поўадчыніў іх. Потым на момант спыніўся, зноў зачыніў і, абярнуўшыся да Марыуса, сказаў:

— Бачыце, судар, калі-б вы згадзіліся, я мог-бы прыходзіць яе бачыць. Запэўніваю вас, я страшэнна жадаю гэтага. Калі-б я не хацеў яе бачыць, я не рабіў-бы вам гэтага прызнання і проста-б выехаў. Але, жадаючы астацца там, дзе яна жыве, бачыць яе, я вам шчыра прызнаўся ва ўсім. Мы пражылі з ёю разам дзевяць год. Мы ніколі не разлучаліся і былі, як бацька і дачка. Не ведаю, ці разу-