Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/515

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

таржнік“? Так, сапраўды, прычына дзіўная: гэта сумленнасць. Бачыце, на жаль, у мяне ў сэрцы ёсць ніць, якая моцна трымае мяне. Такія ніці асабліва моцны ў старасці. Усё жыццё разбураецца, а яны ўсё трымаюцца. Калі-б я мог парваць, рассячы, знішчыць іх, пайсці далёка адсюль, я быў-бы выратаваны. Я спрабаваў ужо гэта зрабіць і разадраў сабе толькі сэрца. Тады я сказаў сабе: „Я магу жыць толькі тут. Я павінен астацца“. Ваша праўда, я дурны: чаму-б мне проста не астацца з вамі? Вы прапануеце мне пакой, дзед ваш схільны да мяне, Казета... — выбачайце, прывычка, — пані Панмерсі любіць мяне; у нас быў-бы агульны прытулак, агульны стол, агульныя радасціі прыемнасці. Мы жылі-б адной сям’ёй... Адной сям’ёй!

Пры гэтых словах твар Жана Вальжана зрабіўся страшны. Ён скрыжаваў рукі, апусціў вочы, нібы хацеў выкапаць прорву ля сваіх ног, і голас яго раптам зазвінеў:

— Сям’ёй? Не! У мяне няма сям’і! Я не належу ні да якой чалавечай сям’і. Я лішні ў доме, дзе ёсць сям’я. Я няшчасны. Ці былі ў мяне бацька і маці? Я амаль сумняваюся ў гэтым. У той дзень, калі я аддаў замуж Казету, усё скончылася для мяне. Яна шчаслівая з тым, каго кахае; я ўбачыў гэтага любячага старога, убачыў, што ў доме пануе радасць і шчасце, і сказаў сабе: „Не ўваходзь туды“. Я мог-бы ілгаць, гэта праўда, мог-бы ашукаць вас усіх, астацца панам Фашлеванам. Пакуль гэта неабходна было для яе, я ілгаў, але цяпер гэта патрэбна толькі для мяне аднаго, і я не павінен гэтага рабіць. Вы запытваеце: хто прымушае мяне гаварыць вам усё гэта? Рэч вельмі смешная — маё сумленне. Маўчаць, аднак, было-б вельмі лёгка. Я ўсю ноч стараўся пераканаць сябе ў гэтым. Але ёсць дзве рэчы, у якіх я не магу перамагчы сябе: гэта разарваць ніць, якая моцна трымае маё сэрца і прымушае мяне жыць тут, і прымусіць змоўкнуць голас, які ціха гаворыць са мною, калі я адзін. Вось чаму я прышоў сёння да вас і расказваю вам усё. Усё або амаль усё. Ёсць дробязі, якія датычаць асабіста мяне і да справы не адносяцца: я маўчу пра іх. Галоўнае вы ведаеце. Нялёгка мне было адважыцца на гэта, я змагаўся ўсю ноч. Вы думаеце, я не пераконваў сябе, што, астаючыся Фашлеванам, я нікому не раблю шкоды, што імя гэта дано мне было самім Фашлеванам у падзяку за зробленую паслугу і што я мог-бы шчасліва пражыць у гэтым пакоі, які вы мне прапануеце, каля Казеты? Усё-б уладзілася. Варта толькі астацца Фашлеванам. Уявіце, што я зрабіў-бы гэта, што я схаваў-бы свой сапраўдны твар, што прадстаўляў-бы сабой загадку і сярод яснага блакіту вашага шчасця ўвасабляў-бы цемру, не гаворачы